17 лютага, у той самы дзень, калі эканамічны суд прызначыў на Віцебскае ААТ «КІМ» часовага ўпраўляючага, каля 30 работнікаў вязальнага цэху падалі калектыўную скаргу ў пракуратуру. Кімаўцы скардзяцца ў гарадзкую пракуратуру на тое, што ім яшчэ не выплачаная заработная плата за лістапад і сьнежань 2014 году.
Праектна-каштарысная дакумэнтацыя на правядзеньне газаправоду ў завулку Юбілейным у Полацку распрацоўвалася яшчэ Полацкім гарвыканкамам, які ў 2013 годзе быў рэарганізаваны. Як вынік, «прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці асоб, якія падпісалі акт выбару зямельнага ўчастку, не ўяўляецца магчымым».
Віцебскім абласным судом вынесены прысуд былым пракурору Шумілінскага раёну і яго намесьніку, абвінавачаным ва ўчыненьні злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкулу 430 КК. Справа слухалася ў закрытым судовым паседжаньні.
У Віцебску працягваецца змаганьне за права фатаграфавацца на вуліцах гораду: праваабаронца Павал Левінаў напісаў скаргу ў пракуратуру наконт штрафаў за фотасэсію на фоне графіці "з птушкамі і клеткамі". Гарвыканкам даслаў яму пісьмовы адказ, што фотасэсія ня лічыцца масавым мерапрыемствам.
Адказы на звароты грамадзян павінны быць вычарпальнымі. Такое меркаваньне па выніках наўпроставай лініі 14 лютага выказаў першы намесьнік старшыні Віцебскага аблвыканкаму Генадзь Грабнёў.
Органы пракуратуры Віцебскай вобласьці сумесна з органамі санітарнага нагляду ў пэрыяд навагодніх і калядных сьвятаў правялі рэйдавыя мерапрыемствы па аб'ектах гандлю з мэтай выяўленьня парушэньняў заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў, а таксама ў санітарна-эпідэміялягічнай сфэры, паведамілі ў Генпракуратуры.
Полацкі райвыканкам адмовіў у правядзеньні публічнага мерапрыемства жыхарам Полацку. Грамадзяне прасілі мясцовую ўладу дазволіць правядзеньне пікету 30 сьнежня для прыцягненьня ўвагі да стварэньня Таварыства абароны спажыўцоў, якога няма ў Полацку. 9 лютага суд Полацку не знайшоў у дзеяньнях райвыканкаму па забароне пікету парушэньняў закону.
Праваабаронца Павал Левінаў атрымаў паведамленьне пра тое, што скарга распаўсюдніка газэты «Віцебскі кур'ер» Міхаіла Жураўлёва зарэгістраваная. Упраўленьне Вярхоўнага Камісара па правох чалавека ААН праінфармавала пра рэгістрацыю пад нумарам 2495/2014 пададзенага на разгляд КПЧ паведамленьня згодна з Факультатыўным пратаколам да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.