Cустрэча з бардам, пісьменьнікам і журналістам Зьмітром Бартосікам адбылася ў Глыбокім. Ён прэзэнтаваў трэцюю па ліку, нядаўна выдадзеную кнігу, “Клініка кітайскага дантыста”. А таксама чытаў свае эсэ з сэрыі “Беларускія тараканы” ды сьпяваў “Старыя песьні на новыя тэксты”.
Паводле Зьмітра Бартосіка, кніга “Клініка кітайскага дантыста” пісалася вельмі доўга, і яна адразу не задумвалася менавіта як кніга. Гэта быў цыкль перадач “Вострая брама” на Радыё Свабода, дзе ў яго была рубрыка “Забытыя адрасы”:
– Я езьдзіў і шукаў менавіта забытыя адрасы беларускіх культурных герояў: паэтаў 19-га стагодзьдзя, празаікаў і мастакоў, паэтаў 20-га стагодзьдзя. Гэтая кніга напоўнена той эпохай, якую зараз прынята называць эпохай застою. Але калі чытаеш, як яны жылі, чым яны жылі, то нават становіцца крыху зайздросна. Таму што ў тым застоі стваралася столькі ўсяго цікавага і, як высьвятляецца, геніяльнага, што дай нам Бог пераплюнуць той застой.
На імпрэзе ўсе жадаючыя набылі кнігі з аўтографам аўтара, а таксама дыскі зь яго песьнямі “Дарога на Вільню”. Некаторыя песьні з гэтага дыску прагучалі ў выкананьні Зьмітра Бартосіка падчас сустрэчы ў Глыбокім.




Тацяна Смоткіна, racyja.com