Віцебскім абласным судом вынесены прысуд былым пракурору Шумілінскага раёну і яго намесьніку, абвінавачаным ва ўчыненьні злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкулу 430 КК. Справа слухалася ў закрытым судовым паседжаньні.
Як паведаміла прэс-сакратар Вярхоўнага суду Беларусі Юлія Ляскова, былыя пракурорскія работнікі прызнаныя вінаватымі ў прыняцьці службовай асобай, што займае адказнае становішча, для сябе матэрыяльных каштоўнасьцяў, перададзеных выключна ў сувязі зь яе службовым становішчам, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, што ўваходзяць у яе кампэтэнцыю, за выкананьне ў інтарэсах хабарадавальніка якога-небудзь дзеяньня, якое гэтая асоба магла зрабіць з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў (атрыманьне хабару), учыненым групай асоб паводле папярэдняй змовы, у буйным памеры.
На падставе часткі 3 артыкулу 430 КК судом былому пракурору Шумілінскага раёну прызначанае пакараньне ў выглядзе васьмі гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з праходжаньнем службы ў праваахоўных органах і судох, на пяць гадоў. Намесьніку раённага пракурора — у выглядзе сямі гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з праходжаньнем службы ў праваахоўных органах і судох, на пяць гадоў.
На падставе артыкулу 60 КК абодва пазбаўленыя спэцыяльных званьняў пракурорскіх работнікаў.
Прысуд быў абвешчаны 13 лютага. Законную моц не набыў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў Вярхоўны суд празь Віцебскі абласны суд на працягу 10 сутак з дня абвяшчэньня, а абвінавачанымі — у той самы тэрмін з дня ўручэньня ім копіі прысуду.
БелаПАН