Пацыенты, якія прайшлі праз інфэкцыйныя аддзяленьні лякарняў Наваполацку і Віцебску, дзеляцца «незабыўнымі» ўражаньнямі.
Пра гэта стала вядома са слоў жыхаркі Наваполацку Паліны Русаковай (на фота):
«Увечары ў сераду 4 лютага патрапілі з шасьцімесячнай дачушкай у лякарню Наваполацку. Прывезьлі ў інфэкцыйнае аддзяленьне. Як высьветлілася, месцаў у аддзяленьні наогул няма. Сказалі, маўляў, будзеце спаць у калідоры, ды яшчэ і на канапе, бо нават ложку не было вольнага. Аддзяленьне страшнае, на калідоры скразьняк, дзіця было страшна нават разьдзець. Мэдсёстры ходзяць, равуць, стукаюць дзьвярыма, ім нават напляваць, што сьпіць маленькае дзіця! Калі я спытала ў адной мэдсястры дзе я магу ўзяць кіпню, каб зрабіць дачцэ сумесь, яна мне адказвае: «На другім паверсе стаіць мікрахвалёўка, набярыце вады з-пад крану і пастаўце на 2 хвіліны. А каб вада была ня моцна гарачай, разьвядзіце той жа вадой з-пад крану!». Гэта быў нейкі жах. Я тут жа патэлефанавала мужу і папрасіла прывезьці вады.
Крам шыкоўных наадкрывалі цэлую сьціжму, а зрабіць аддзяленьне, дзе ляжаць ня толькі маленькія дзеці, але і людзі з усякай заразай і бамжы нават, яны ня ў сілах!!! 3 дні суцэльнага жаху! Проста набалела», - піша яна.
Надзея Сьвідзінская пацьвярджае, што варункі сапраўды жахлівыя:
«Набалела і ў мяне. Самі патрапілі туды месяц таму. Гэта не аддзяленьне, а поўная ка! Ледзь выпрасіла шклянку вады, лекара ледзь упрасіла, кропельніцу проста ўмольвала паставіць, на што мне заяўлялі, маўляў, навошта вам, ставілі ж уночы, выстарчыць. А тое, што ў дзіцяці жудаснае абязводжваньне і яно паўдня ня сікала - гэта нічога. Каб пагрэць ваду, даводзілася дзіця цягаць на другі паверх за сабой, бо няма каму за ім прыгледзець. Прывезьлі дзяўчынку з дыярэяй і ванітамі, яна ляжала ўвесь дзень і толькі потым дадумаліся яе звазіць на УГД - выявілася, апэндыцыт. А калі б яна ляжала ў ложку ўсе выходныя? Увогуле, усім шчыра кажучы на*ць на пацыентаў. У дзіцяці яшчэ рэзаліся зубы, а абязбольвальных лекаў так і не далі. Дзіця ванітуе - ім усё адно, «ідзіце ў палату, нам не да вас». Нэрвы здалі, малой палягчэла, сказала ўвечары, што пасьля кропельніцы пайду пад расьпіску дадому. На раніцу выклікала лекара, дык ён не прыходзіў да самага вечару. Хацела напісаць скаргу, ды проста не захацелася зьвязвацца. Дарагія мэдработнікі, калі вам такая гідотная вашая праца, што ж вы ў мэдычны ўнівэрсытэт паступалі? Ня дай Бог патрапіць у гэтае аддзяленьне. Кіпню няма, адна разэтка на палату, пры мне люстра са сьцяны ўпала проста на ложак, добра, што ён быў пусты!», - абураецца яна.
Сьвятлана Валькоўская дзеліцца фатаграфіямі з інфэкцыйнага аддзяленьня абласной лякарні ў Віцебску:
«У Віцебску таксама інфэкцыйнае аддзяленьне – барані, Божа! З п'янымі санітаркамі і мурашкамі на падлозе. Хараство! Вось такая абласная ў нас лякарня», - піша яна.
Вольга Чарняўская распавядае пра свой сумны досьвед, зьвязаны з інфэкцыйным аддзяленьнем:
«Два гады таму ляжала ў інфэкцыйным аддзяленьні зь пяцімесячным немаўлём. Мне яшчэ больш-менш пашанцавала: ляжала ў нейкім дапаможным памяшканьні. Першую ноч ня спала, бо ложак быў адзін. Раніцай ад стомы ўпаў ціск, губляла прытомнасьць, выклікала мужа на дапамогу. Спытала, ці можна ўзяць з дому калыску, каб дзіця там спала, на мяне зьдзіўлена паглядзелі і спыталі: «А што, у вас няма дзіцячага ложачку ў палаце?». Гэта пры тым, што да мяне заходзілі сто разоў і бачылі ўсё, што было ў гэтым пакойчыку 2 на 4 мэтры. У калідоры ляжала некалькі чалавек. Добра, што карміла грудзямі, а так ня ведаю, як бы кідала немаўля адно і хадзіла па ваду і гэтак далей. Нават у прыбіральню праблематычна было выйсьці. Карацей, гэта былі чатыры дні пекла... Дадому вярнулася з тэмпэратурай 39˚С... Да саміх лекараў прэтэнзіяў няма, ставіліся нармальна, дзіця вылечылі. Гады ідуць, нічога не мяняецца, сумна... Няўжо нічога нельга зрабіць?», - зьдзіўляецца яна.
Хартыя '97