На пад’ездах жылых дамоў у Кастрычніцкім раёне Віцебску сталі зьяўляцца аб’явы наступнага зьместу: пасьля 26-га кожнага месяца будуць адключаць “паслугі ЖКГ”, калі нехта не заплаціць за кватэру. Унізе – спасылка на Пастанову Савету міністраў №1466. Але напісана ў ёй зусім ня тое, чым страшаць жыхароў абласнога цэнтру.
Дзіцячага лекара Ігара Пастнова пазбавілі пасады. Ён на працягу некалькіх апошніх гадоў безупынна крытыкаваў кіраўніка Віцебскай вобласьці, лічачы, што па віне Аляксандра Косінца транжырацца бюджэтныя грошы.
Студэнты Віцебскага дзяржаўнага станкаінструмэнтальнага каледжу зьбіраюць подпісы пад зваротам да прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, у якім яны просяць захаваць спортпляцоўкі, што належыць іх навучальнай установе. На месцы спартыўнай пляцоўкі каледжу Віцебскі гарвыканкам мае намер зрабіць аўтастаянку.
30 лістапада, у гадавіну вынясеньня сьмяротнага прысуду Ўладзіславу Кавалёву і Дзьмітрыю Канавалаву, Ірына Багданава, Лера Красоўская і Любоў Кавалёва заклікалі сусьветную грамадзкасьць аб’яднацца і патрабаваць вярнуць цела Ўладзіслава Кавалёва яго сям’і. Відэазварот ад імя трох жанчын быў выпушчаны ў рамках кампаніі Любові Кавалёвай “Вярніце цела”, якую яна распачала на глябальнай пляцформе Change.org.
Грамадзянская кампанія «Наш дом» прааналізавала блізу 100 сьвежых вакансіяў з базы дадзеных Віцебскай службы занятасьці (за 27-28 лістапада). Вынік дасьледаваньня: сярэдняя зарплата па 98 вакансіях склала ўсяго 264 даляра - 2 млн. 270 тыс. рублёў. Не нашмат вышэй за ўзровень сярэдняй пэнсіі ў Беларусі.
28 лістапада кіраўнік Беларускай фэдэрацыі біятлёну і былы кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў правёў выязную нараду па пытаньнях разьвіцьця біятлёну ў Віцебскай вобласьці.
Затрыманы 8 лістапада наваполацкі актывіст Андрэй Гайдукоў знаходзіўся пад вартай у менскім СІЗА КДБ паводле абвінавачаньня ў здрадзе дзяржаве. Маці затрыманага паведаміла, што яго пераводзяць зь Менску ў Віцебск, але прычыны ёй не вядомыя.
Ворганы ўнутраных спраў Віцебшчыны плянуюць павялічыць на вуліцах гарадоў колькасць відэакамэр. Гэта істотна дапаможа ў прафіляктыцы і расьследаваньні правапарушэньняў. Цяпер адпаведнае абсталяваньне зь відэафіксацыяй ўсталяванае ў Віцебску толькі на плошчы Перамогі.
Прадстаўнікі партыяў і грамадзкіх арганізацыяў Віцебску вырашылі адзначыць ўгодкі Ўладзімера Караткевіча – сабраліся 26 лістапада каля помніку славутаму пісьменьніку. Чытаньне вершаў і выступы аматараў творчасьці пісьменьніка міліцыя расцаніла як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Прысутным давялося разыходзіцца перад пагрозай быць затрыманымі.
У ноч з 25 на 26 лістапада каля аўтастрады ўздоўж віцебскага мікрараёну на лініі электраперадач зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг. Паводле апазыцыянэра Барыса Хамайды, які спасылаецца на вартыя даверу крыніцы, да сьцягу была прымацаваная цыдулка.