У Віцебску 18 лютага актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” ў межах маратону “Хваля салідарнасьці” зладзілі супольную малітву за палітвязьняў. Яна праходзіла каля Эўфрасіньнеўскага крыжа.
Дырэктар ТРК «Віцебск» Анатоль Камовіч падзякаваў старшыні Віцебскай абласной рады партыі БНФ Леаніду Аўтухову: «Вялікі дзякуй Вам за ўвагу да этэру нашай тэлерадыёкампаніі. Ваша прапанова вельмі слушная, але ж стварэньне новых праектаў у гэтым годзе кампаніяй не заплянаванае з прычыны недахопу фінансавых сродкаў». Гэтак галоўны тэлевізійнік Віцебшчыны адказаў на зварот мясцовага лідэра БНФ з прапановай аб стварэньні праграмы грамадзка-палітычнага накірунку.
Згодна з вынікамі галасаваньня, якое праводзіла інтэрнэт-выданьне “Народныя навіны Віцебска”, Чалавекам году Віцебску-2012 абралі Любоў Кавалёву — маці асуджанага за тэракт у менскім мэтро і растралянага ў сакавіку 2012 году Ўладзіслава Кавалёва.
Гаспадарчы суд Віцебскай вобласьці завёў уліковыя запісы ў сацыяльных сетках для пошуку даўжнікоў. Неплацельшчыкам адпраўляюць паведамленьні пра запазычанасьці, памерах доўгу і інфармуюць пра пачатак у дачыненьні да іх выканаўчых вытворчасьцяў.
Пракурор Першамайскага раёну Віцебску старшы дарадца юстыцыі Юры Раманоўскі, разгледзеўшы матэрыялы праверкі па факце прычыненьня цялесных пашкоджаньняў сябру партыі БНФ Аляксею Гудзіліну (на фота), прыняў пастанову аб узбуджэньні крымінальнай справы паводле артыкулу 153 КК.
Па выніках 2012 году ўзровень поўнага даверу насельніцтва да міліцыі зьнізіўся ў 17-ці раёнах Віцебскай вобласьці і ў самім абласным цэнтры. У цэлым па вобласьці гэты паказчык упаў з 35,5% да 34,9%. Рост даверу насельніцтва да міліцыі, паводле інфармацыі, апублікаванай на афіцыйным сайце УУС Віцебскага аблвыканкаму, адзначаны толькі ў чатырох раёнах і ў гарадох Наваполацку і Полацку.
Камітэт па правох чалавека ААН зарэгістраваў скаргу віцебскай каардынатаркі аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Тацьцяны Севярынец. Нагодай для звароту ў КПЧ ААН стала рашэньне суду Кастрычніцкага раёну Віцебску паўтарагадовай даўнасьці, згодна зь якім актывістка нібыта парушыла закон аб масавых мерапрыемствах, за што была пакараная штрафам у памеры 20 базавых велічынь.
Маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва атрымала з упраўленьня Вярхоўнага Камісара паведамленьне пра тое, што яны чакаюць да 3 ліпеня бягучага году ад беларускага ўраду інфармацыі аб прынятых мерах па выкананьні рашэньня Камітэту па правох чалавека ААН па справе яе сына.
Лекар зь Віцебску Ігар Пастноў, які быў звольнены з ранейшай пасады пэдыятра па скарачэньні, як ён кажа — з-за крытыкі мясцовых уладаў, працаўладкаваўся псыхіятрам: «Пахадзіў я пахадзіў, спачатку прыйшоў зьдзеклівы адказ з абласнога ўпраўленьня аховы здароўя, маўляў, едзьце на раён, зьвярніце на біржу, мы дапаможам вам зь перасяленьнем. Я стаў на чаргу на біржы. Потым мне прыйшло прызначэньне лекарам-псыхіятарам у абласную больніцу».