Віцебская абласная пошта дасылае беларускамоўныя тэлеграмы, запісваючы іх пры дапамозе расейскага альфабэту. Такую тэлеграму атрымаў грамадзкі актывіст Ільля Заранок.
Віцебскі аблвыканкам мае намер выходзіць на відэасувязь з жыхарамі вобласьці для вырашэньня іх надзённых праблем. Пра гэта журналістам пасьля наўпроставай тэлефоннай лініі з жыхарамі рэгіёну паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец.
У «Славянскім маршы», што прайшоў 25 лістапада ў Магілёве, узяў удзел былы прэтэндэнт у прэзыдэнты зь Віцебску Сяргей Рыжоў. Ён вылучаў сваю кандыдатуру на выбары 2010 году, але за два месяцы да іх зьняўся. Падчас магілёўскай акцыі Рыжоў заявіў, што «зараз славянскія дзяржавы разьдзеленыя, што адмоўна ўплывае на жыцьцё і дабрабыт народаў».
У Віцебску на сьценах дамоў і гаражоў зьявіліся трафарэтныя графіці сацыяльна-палітычнага зьместу. Так, адно з пасланьняў мінакам катэгарычна сьцьвярджае: «Бухают рабы».
У Віцебску адбылася інфармацыйная сустрэча праваабарончага праекту “ГейБеларусь”. З прычыны бясьпекі сустрэча ладзілася ў закрытым рэжыме. Але здымачнай групе парталу Dyjalog.info дазволілі ладзіць відэаздымкі - з умовай, што ў поле зроку відэакамэры ня трапяць тыя, хто хоча захаваць сваю ананімнасьць.
У Віцебску праходзіць конкурс майстроў сучаснай харэаграфіі, у якім сёлета ўпершыню ўдзельнічае тэатар танцу са швэйцарскага гораду Базэль Basel Dance Company. Гледачы яшчэ ня бачылі яго выступу, але кіраўніца гэтага калектыву Галіна Гладкова-Гофман ужо заслужыла самыя гарачыя аплядысмэнты на канцэрце адкрыцьця фэстывалю: падчас традыцыйнага прадстаўленьня ўсіх канкурсантаў швэйцарскі харэограф зьявілася на сцэне ў інвалідным вазку.
Вольга Гайдукова, маці зьняволенага ў СІЗА КДБ актывіста, апавяла са словаў адваката, што 22 лістапада сына дапытваў сьледчы. Паводле спадарыні Гайдуковай, Андрэй дагэтуль не атрымаў лістоў з дому, і да сваякоў не дайшлі лісты, адпраўленыя ім. Зь першага дня затрыманьня Андрэй Гайдукоў напісаў дахаты тры лісты, кажа маці.
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», палітвязень Павал Севярынец распаўсюдзіў заяву з нагоды затрыманьня наваполацкага грамадзкага актывіста, супраць якога распачалі крымінальную справу за «здраду дзяржаве». Ён патрабуе ад спэцслужбаў вызваленьня затрыманага Андрэя Гайдукова (на фота) і тлумачэньняў наконт апэрацыі па ягоным арышце.
Віцебскія актывісты Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі правялі акцыю “Калi сёньня ты замаўчыш, заўтра цябе нiхто не абаронiць”. Мэта акцыі – азнаёміць віцебчукоў з праўдай пра “выбары”. Падчас акцыі актывісты распаўсюдзілі па паштовых скрынях бюлетэні са зьвесткамі пра тое, як фальшаваліся мінулыя “выбары” ў Беларусі.
Больш за 60 чалавек апытаныя, амаль 20 чалавек затрыманыя. Аднак злачынца, які ўчыніў выбух ля будынку УКДБ ў Віцебску, так і ня знойдзены. 15 лістапада быў адпушчаны апошні падазраваны, што быў у сьледства.