30 лістапада, у гадавіну вынясеньня сьмяротнага прысуду Ўладзіславу Кавалёву і Дзьмітрыю Канавалаву, Ірына Багданава, Лера Красоўская і Любоў Кавалёва заклікалі сусьветную грамадзкасьць аб’яднацца і патрабаваць вярнуць цела Ўладзіслава Кавалёва яго сям’і. Відэазварот ад імя трох жанчын быў выпушчаны ў рамках кампаніі Любові Кавалёвай “Вярніце цела”, якую яна распачала на глябальнай пляцформе Change.org.
У сваім відэазвароце Любоў Кавалёва просіць дапамагчы ёй вярнуць цела яе сына Ўладзіслава. Лера Красоўская дзеліцца сваёй гісторыяй, выказваючы надзею даведацца калі-небудзь, што адбылося зь яе бацькам. Ірына Багданава, у сваю чаргу, зьвяртаецца да сусьветнай грамадзкасьці з просьбай падпісаць пэтыцыю Любові Кавалёвай і зрабіць усё магчымае, каб прымусіць беларускія ўлады выпусьціць палітвязьняў і не дапусьціць зьяўленьня новых.
Кампанія “Вярніце цела” стартавала 4 кастрычніка, калі на чыгуначных станцыях і станцыях мэтро ў пяці гарадох Галяндыі адначасова зьявіліся мяшкі для трупаў з жывымі целамі ўнутры. Флэш-моб быў арганізаваны галяндзкімі студэнтамі ў падтрымку Любові Кавалёвай. На наступны дзень кампанію афіцыйна прадставіў Беларускі свабодны тэатар разам зь Любоўю Кавалёвай пасьля прэм’еры спэктакля “Trash Cuisine” у Амстэрдаме, які распавядае пра жахі сьмяротнага пакараньня па ўсім сьвеце.
Нагадаем, 30 лістапада 2011 года Вярхоўны суд Беларусі вынес прысуд па справе віцебскіх тэрарыстаў Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва. Яго агучыў першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Аляксандар Федарцоў. Канавалаў і Кавалёў прызнаныя вінаватымі ў датычнасьці да выбуху на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» ў красавіку 2011 году і ў менскім выбуху ў ліпені 2008 году на Дзень Рэспублікі. Суд прысудзіў Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва да сьмяротнага пакараньня.