У Віцебску з 5 па 30 верасьня праходзіць абласны фэстываль-конкурс творчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі «Сонечны сьвет для ўсіх». Гэткае мерапрыемства адбылося ў абласным цэнтры і летась. У гэтым сьвяце бяруць удзел каля 100 чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі з розных гарадоў рэгіёну.
Супрацоўнікі ўпраўленьня Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК па Віцебскай вобласьці сумесна з УКДБ па Віцебскай вобласьці і АМАП УУС Віцебскага аблвыканкаму ў ходзе правядзеньня апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў затрымалі ўдзельнікаў злачыннай групы ў горадзе Полацку, якія займаліся фінансавымі махінацыямі на тэрыторыі Віцебскага і Менскага рэгіёнаў.
3 верасьня незалежнаму журналісту ў Віцебскай абласной пракуратуры вынесьлі афіцыйнае папярэджаньне за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з выданьнем, не зарэгістраваным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Уладзімер Жыгулоў адмовіўся даваць пракурору Паўлу Зайцаву тлумачэньні, спаслаўшыся на права ня сьведчыць супраць сябе, гарантаванае арт. 27 Канстытуцыі.
Беларусь упэўнена праваліла паказчыкі вытворчасьці малака за першае паўгодзьдзе гэтага году. Асабліва рэзка зьнізіўся паказчык таварнасьці малака. У статыстыцы ён ілюструе тую частку ад надоенага малака (у працэнтах), якая даходзіць да перапрацоўчых прадпрыемстваў.
Віцебскія праваабаронцы Павал Левінаў і Пётар Іваноў, якім 29 жніўня дазволілі сустрэцца з доктарам Ігарам Пастновым ў Віцебскім абласным клінічным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі паведамілі, што ўмовы яго ўтрыманьня ў гэтай лячэбнай установе палепшыліся. Цяпер Ігару Пастнову дазволена весьці ліставаньне; дасылаць і атрымліваць тэлеграмы, лісты, грашовыя пераказы, пасылкі і бандэролі; атрымліваць перадачы; карыстацца тэлефонам; прымаць наведвальнікаў; мець і атрымліваць прадметы першай неабходнасьці; карыстацца ўласным адзеньнем.
Віцебскія праваабаронцы ладзяць акцыю ў інтэрнэце. Яны распачалі збор подпісаў пад пэтыцыяй з загалоўкам «Свабоду доктару-праўдалюбу Ігару Пастнову, гвалтоўна зьмешчанаму ў вар’ятню ў Беларусі». Усім ахвотным прапануецца падпісаць патрабаваньне на адрас міністра аховы здароўя Беларусі правесьці паўторную псыхіятрычную экспэртызу доктара Ігара Пастнова.
На апэратыўнай нарадзе галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму былі заслуханыя старшыня суду Кастрычніцкага раёна Віцебску Яўген Буруноў і намесьнік старшыні гэтага суду Ганна Папкова. Падставай для разгляду ў органе юстыцыі дзеяньняў судовых чыноўнікаў стаў зварот праваабаронцы Паўла Левінава (на фота). Фактычны аналіз працы Кастрычніцкага райсуду Віцебску выявіў адсутнасьць належнага кантролю з боку кіраўніцтва суду за выкананьнем судзьдзямі працэсуальных законаў.
Позву ў пракуратуру Ўладзімер Жыгулоў атрымаў на 3-га верасьня і патэлефанаваў па нумары, пазначаным на блянку. Але яму адмовіліся тлумачыць непасрэдныя прычыны выкліку. У позьве ж напісана так: “для тлумачэньняў наконт пытаньня парушэньня заканадаўства аб СМІ”. Уладзімер Жыгулоў мусіць зьявіцца да пракурора аддзелу па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў П.М. Зайцава.
Праваабарончая арганізацыя Amnesty International заступілася за віцебскага лекара Ігара Пастнова, зьмешчанага згодна з рашэньнем суду ў вар'ятню дзеля прымусовага лячэньня. Арганізацыя заклікала ўсіх неабыякавых да тэрміновай акцыі: напісаць на беларускай, расейскай, ангельскай або сваёй роднай мове лісты на адрас міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Васіля Жарко і генпракурора Аляксандра Канюка.
Калегія Менскага гарадзкога суду адмовіла Любові Кавалёвай і Тацьцяне Казяр у задавальненьні скаргі на дзеяньні суду Кастрычніцкага раёну Менску. Маці і сястра Ўладзіслава Кавалёва, пакаранага сьмерцю за тэракт у менскім мэтро, прасілі суд вышэйшай інстанцыі прызнаць неправамернай адмову раённага суду распачаць грамадзянскі працэс адносна шэрагу органаў найвышэйшай дзяржаўнай улады, якія адмаўляюцца раскрыць месца пахаваньня расстралянага.