3 верасьня незалежнаму журналісту ў Віцебскай абласной пракуратуры вынесьлі афіцыйнае папярэджаньне за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з выданьнем, не зарэгістраваным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Уладзімер Жыгулоў адмовіўся даваць пракурору Паўлу Зайцаву тлумачэньні, спаслаўшыся на права ня сьведчыць супраць сябе, гарантаванае арт. 27 Канстытуцыі.
І пракурор зараз жа агучыў афіцыйную паперу, якая была падрыхтаваная загадзя, распавёў праваабаронца Павал Левінаў: “Я прысутнічаў на сустрэчы з пракурорам у якасьці грамадзкага прадстаўніка Ўладзімера Жыгулова. І спадар Зайцаў, заявіўшы, што пракуратуры вядома пра парушэньне закону віцебскім незалежным журналістам, тут жа дастаў афіцыйную паперу. Яна ўжо была гатовая, дык што любыя тлумачэньні выкліканага ў пракуратуру Жыгулова ўжо нічога б ня важылі”.
Колькі год таму калектыў газэты “Віцебскі кур’ер” прыклаў шмат намаганьняў для рэгістрацыі ў Беларусі. Але справа аказалася марнай. Пасьля некалькіх адмоваў, каб захаваць статус легальнай газэты, давялося рэгістравацца ў Расеі, у суседнім Смаленску. Але ўсе гэтыя гады пракуратуру выданьне не цікавіла і прэтэнзіяў да журналістаў не было. Сытуацыя зьмянілася пасьля таго, як на інтэрнэт-сайце газэты зьявіліся публікацыі пра ўрача Ігара Пастнова, зьмешчанага на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычны шпіталь.
Кажа Ўладзімер Жыгулоў: “Шмат хто ў Віцебску лічыць, што Пастнова зьмясьцілі ў псыхлякарню за крытыку ўладаў і сыстэмы аховы здароўя. Ён сам казаў, што яму гэтым неаднаразова пагражалі. Але супрацоўнікі шпіталю, дзе раней працаваў, а цяпер стаў пацыентам Ігар Пастноў, увагі журналістаў пазьбягаюць. Я тройчы безвынікова спрабаваў сустрэцца з Аленай Мартынавай, галоўурачом абласнога цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі. А яе намесьнік, да якога мяне паслалі, наогул ад гутаркі са мной ухіліўся: ён заявіў, што ня дасьць інтэрвію для незарэгістраванага ў Беларусі “Віцебскага кур’еру”. Такім чынам, ніякага інтэвію і не было. Але намесьнік галоўурача Ігар Сьвіркуноў засьведчыў, што я да яго зьвяртаўся. І гэта стала галоўнай падставай, каб пракуратура мяне абвінаваціла”.
74-гадовы журналіст гаворыць, што папярэджаньне яго ня спыніць, бо ён лічыць яго незаконным. Ён кажа, што кожны чалавек мае права на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі, незалежна ад таго, журналіст ён ці не. І што патрабаваньне акрэдытацыі і абавязковай мясцовай рэгістрацыі выданьня наогул становіцца ў Беларусі забаронай на прафэсію журналіста.
Беларуская асацыяцыя журналістаў