Беларусь упэўнена праваліла паказчыкі вытворчасьці малака за першае паўгодзьдзе гэтага году. Асабліва рэзка зьнізіўся паказчык таварнасьці малака. У статыстыцы ён ілюструе тую частку ад надоенага малака (у працэнтах), якая даходзіць да перапрацоўчых прадпрыемстваў.
Каб больш наглядна ўявіць сутнасьць гэтага паказчыка, разгорнем сьвежы нумар любой раённай газэты. У афіцыйным органе Талачынскага райвыканкаму газэце «Наша Талачыншчына» ад 27 жнiўня адзначаны самы высокі паказчык таварнасьці 105% у ААТ «Абольцы». Даважка ў 5% утварылася за кошт высокай тлустасьці пастаўленага малака пасьля лябараторнага дасьледаваньня і прывядзеньня масы малака да таблічнай (стандартнай) тлустасьці.
Найніжэйшая таварнасьць малака, надоенага і прададзенага дзяржаве ва УП «Талачынская навінка» - 71%. Інакш кажучы, надаіўшы тону малака фэрма гэтага былога калгасу адправіла ў райцэнтар толькі 710 кіляграмаў. 290 кілаграм выпілі цяляты. Дзеля справядлівасьці трэба прызнаць, што былі часы, калі гэты паказчык быў нашмат горшы.
Галоўная аграрная газэта краіны «Беларуская ніва» , задаючыся пытаньнем надояў і прыпісак прывяла даведку: «Расход малака на ўнутрыгаспадарчае спажываньне павелічыўся з 373,0 тысячы тон у 2012 годзе да 423,6 тысячы тон у 2013-м - на 50,6 тысячы тон, або 113,5 працэнта”. Вуснамі свайго журналіста газэта зрабіла цікавую выснову: «Мабыць, павелічэньне расходу малака на ўнутрыгаспадарчае спажываньне ня што іншае, як схаваныя прыпіскі надояў? Такое здараецца, але ня хочацца ў гэта верыць: занадта ўжо масавы характар набыла зьява. Тады ў чым прычына?»
Пабываўшы на полі падчас дойкі кароў у адной з гаспадарак Віцебшчыны, аўтар гэтых радкоў назіраў тыповую карціну: Двухмесячныя цяляты, гуртом жвава бегаюць па полі разам з мамамі - каровамі. Пэрыядычна яны пераходзяць на так званае «падсмоктваньне». Інстынкт падказвае ім прыкладвацца да вымя найбліжэйшай малочнай каровы. Найменшая затрымка з пачаткам даеньня, асабліва ў дні выдачы заработнай платы, прыводзіць да таго, што малако пачынае выдзяляцца, і тады цяляты выпіваюць патрэбнага для арганізму, які расьце, бялковага корму ўдосталь.
Зразумела, што ўдой ад каровы пасьля гэтага працэсу зьніжаецца. У малакаправод паступаюць толькі рэшткі малака. Адна на паперы натуральны працэс смактаньня кароў цялятамі выглядае так, быццам даяркі спачатку выдаілі замацаваных кароў, а потым напаілі гэтым малаком цялятаў, якія не дасягнулі двухмесячнага ўзросту.
У журнале ўліку надояў малака загадчыца фэрмы на свой одум заносіць патрэбную лічбу. Даяркі, у сваю чаргу, на вока «разносяць» нібыта надоеную масу малака па картках замацаваных кароў. Трэба быць вельмі наіўным выпускніком журфаку, каб ня ўсумніцца ў тым, што пры такім мэханізму ўліку надояў ня можа быць вялікіх прыпісак.
Выразнасьць у карціну прыпісак і сваё бачаньне «сюжэту» ўнёс надоечы Камітэт Дзяржкантролю Беларусі. Вось афіцыйнае паведамленьне: «Аналіз дзейнасьці вытворцаў малочнай прадукцыі паказаў, што 19 заводаў працавалі наўпрост з ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі. Прадукцыя куплялася за беларускія рублі і па беларускіх цэнах , пасьля чаго вывозілася па ценявых схемах у Расейскую Фэдэрацыю і рэалізоўвалася за валюту».
А вось цытата з заявы на брыфінгу начальніка галоўнага ўпраўленьня кантролю за працай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў КДК Сяргея Федчанкі: « У малакаперапрацоўчай ёсьць такая праблема, як прыпіскі аб’ёмаў вытворчасьці і выручкі, прыхарошваньне сытуацыі з запасамі прадукцыі. Асабліва грашаць гэтым прадпрыемствы Віцебшчыны… Выяўленыя таксама шматлікія факты незвароту валютнай выручкі, парушэньні заканадаўства аб бухгальтарскім уліку, дзяржаўнай статыстыцы ў галіне будаўніцтва і г.д…»
«Начальнік аддзелу кантролю за працай прадпрыемстваў, якія перапрацоўваюць сельскагаспадарчую прадукцыю, Камітэту дзяржаўнага кантролю Дзяніс Галавараў праінфармаваў, што падчас праверкі «ААТ “Воршасырзавод” выяўлена, што сёлета, у 2012 і 2011 гадох працаўнікі прадпрыемства апошнімі чысламі кожнага месяца складалі і падпісвалі першасныя дакумэнты на адгрузку сыроў і лёдаў на адрас камэрцыйнай арганізацыі, разьмешчанай у Воршы, якая потым афармляла дакумэнты на вяртаньне прадукцыі ў тых самых аб’ёмах і тым самым коштам, што было пазначана ў дакумэнтах на адгрузку. Усяго з чэрвеня 2011 году па сакавік бягучага году было аформлена дакумэнтаў на адгрузку прадукцыі на Br42 млрд. Аднак, як высьветлілі работнікі КДК, прадукцыя нават не пакідала тэрыторыю сырзаводу».
Далей - больш! Мяркуйце самі: «…адгружаныя « Воршасырзаводам» у сьнежні 2010 году на адрас ААТ «Віцебскмясамалпрам» лёды больш за год праляжалі на складзе, прыйшлі ў непрыдатнасьць і было вернутыя… У выніку заводу нанесеная шкода ў памеры Br11,8 млн. У цяперашні час матэрыяламі праверкі займаюцца праваахоўныя органы, дзеяньням службовых асобаў будзе дадзеная прававая ацэнка», - прагучала на брыфінгу.
Дырэктарам прадпрыемства «Воршасырзавод» цяпер зьяўляецца спадар Жальдзібаеў. Ён, вядома, ня можа і не павінен несьці адказнасьць за дзеяньні свайго папярэдніка… А вось унесьці яснасьць у аршанскія асаблівасьці эканамічных узаемаадносін, калі за пастаўленую прадукцыю цягам году ня робяцца разьлікі грашыма, ён можа. Бо менавіта Жальдзібаеў у пэрыяд, ахоплены праверкай КДК, займаў пасаду намесьніка старшыні Аршанскага гарвыканкаму па эканоміцы…
Мікалай Петрушэнка, Віцебскі кур’ер