На ААТ «КІМ» працягваюцца хваляваньні - як стала вядома, 25 верасьня страйкавалі работніцы швейнага цэху гэтага прадпрыемства. Крыніца паведамляе, што ў швейным цэху зьмена «А» спыніла працу на тры гадзіны, а зьмена «Б» прастаяла ўвесь працоўны час. Людзей абурыла тое, што пры запазычанасьці па заробку за два месяцы ім верасьня 24 выдалі па 250 000 рублёў.
25 верасьня выбітны беларускі дзеяч Алесь Бяляцкі, які адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі ў Бабруйску, адзначае сваё 51-годзьдзе. Віцебскія калегі праваабаронцы накіравалі ў яго адрас свае віншаваньні і пажадалі яму найхутчэйшага вызваленьня.
Віцебскаму лекару Ігару Пастнову, які больш за месяц знаходзіўся на прымусовым лячэньні ў Віцебскім абласным клінічным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі, прапанавалі працягнуць працу ў гэтай самай установе. «Я цяпер на бальнічным, мяне ніхто і ня звольніў. Галоўны ўрач прапануе мне стаць лекарам-нарколягам», - распавёў Пастноў, які раней працаваў у гэтым жа цэнтры псыхіятрам.
Галоўным аргумэнтам на карысьць абвінавачанай жанчыны зьяўляецца адсутнасьць зразумелага матыву злачынства. Такім чынам віцебскі праваабаронца Павал Левінаў пракамэнтаваў прызнаньне віны падазраванай у зьдзяйсьненьні выбуху каля будынку КДБ у Віцебску.
Напрыканцы жніўня пачаў працаваць сайт газэты “Вітебскіе весті”, заснавальнікам якой зьяўляецца Віцебскі аблвыканкам. Сайт зьмяшчае публікацыі з папяровай газэты, а таксама публікуе PDF-вэрсію выданьня. Вэб-рэсурс вылучаецца высокім узроўнем дызайну. Штодня ен публікуе 5-6 навінаў. Аднак чытачоў пакуль што вобмаль: рэдка які матэрыял набірае больш за 100 праглядаў.
Абвінавачаная ў зьдзяйсьненьні выбуху каля будынку КДБ у Віцебску 42-гадовая мясцовая жыхарка прызнала сваю віну ў судзе і распавяла пра матывы, якія штурхнулі яе на гэты ўчынак. Паводле ейных слоў, такім чынам жанчына хацела пасеяць паніку сярод супрацоўнікаў КДБ, бо лічыла, што яны нядбала паставіліся да пошуку хуліганаў, якія некалькі гадоў таму ўчынілі выбух у пад’езьдзе яе дому.
Віцебскі праваабаронца Пётар Іваноў атрымаў са Сьледчага камітэту чарговае паведамленьне пра адмову ва ўзбуджэньні ў дачыненьні да яго крымінальнай справы. Раней сьледчыя органы ўжо двойчы выносілі пастановы аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы супраць яго, але потым тыя пастановы былі адмененыя. Ня выключана, што і чарговая пастанова будзе адмененая, і справа ўсё-такі будзе ўзбуджаная. Пятру Іванову па-ранейшаму пагражае зьняволеньне на тэрмін да 3-х гадоў.
Віцебскі лекар Ігар Пастноў сёньня выйшаў на свабоду. Урачэбна-кансультацыйная камісія Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі, у якiм Ігар Пастноў утрымліваўся гвалтоўна, прыняла рашэньне аб пераводзе яго на дзённы стацыянар. Ён па-ранейшаму мусіць праходзіць мэдычныя працэдуры, але начаваць будзе дома.
У сувязі зь вялікай затрымкай выплаты заробкаў на ААТ «КІМ» 10-11 верасьня на прадпрыемстве адбыліся хваляваньні работнікаў. Як паведаміла «Народным навінам Віцебска» крыніца на фабрыцы, яшчэ ня выплачаная заработная плата за ліпень, а некаторым катэгорыям работнікаў - за чэрвень. 10 верасьня адмовілася працаваць другая зьмена аднаго з цэхаў, а 11 верасьня - першая.
Паводле інфармацыі ўпраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі па Віцебскай вобласьці была праведзена праверка фінансава-гаспадарчай дзейнасьці РУП “Віцебскі ДСК”. Падчас рэвізіі згаданага прадпрыемства выяўлены шэраг грубых парушэньняў заканадаўства ў сфэры жыльлёвага будаўніцтва.