Позву ў пракуратуру Ўладзімер Жыгулоў атрымаў на 3-га верасьня і патэлефанаваў па нумары, пазначаным на блянку. Але яму адмовіліся тлумачыць непасрэдныя прычыны выкліку. У позьве ж напісана так: “для тлумачэньняў наконт пытаньня парушэньня заканадаўства аб СМІ”. Уладзімер Жыгулоў мусіць зьявіцца да пракурора аддзелу па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў П.М. Зайцава.
Незалежны журналіст мяркуе, што прычын цікаўнасьці пракуратуры можа быць дзьве, непасрэдна зьвязаныя паміж сабой. Першая – гэта падрыхтаваныя ім матэрыялы пра віцебскага ўрача Ігара Пастнова, зьмешчанага на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне, санкцыянаванае судом Віцебскага раёну. Газэта “Віцебскі кур’ер” неаднаразова зьмяшчала крытычныя выступы Пастнова, дзе ён казаў пра недахопы працы віцебскіх мэдычных установаў.
Журналіст Уладзімер Жыгулоў хацеў узяць інтэрвію ў галоўурача псыхіятрычнай больніцы Алены Мартынавай – каб яна абвергла ці пацьвердзіла факты, якія сталі аб’ектам крытыкі Ігара Пастнова, лекара таго самага шпіталя. Але спадарыня Мартынава, спачатку пагадзіўшыся, усё ж унікнула ад размовы з журналістам, некалькі разоў спаслаўшыся на занятасьць. А яе намесьнік размаўляць з Жыгуловым адмовіўся, заявіўшы, што “газэта “Віцебскі кур’ер” не зарэгістраваная”, а журналіст “неакрэдытаваны”. Гэта – другая імаверная прычына выкліку спадара Жыгулова ў пракуратуру.
У жніўні 2012 году падчас візыту да таго самага пракурорскага работніка Паўла Зайцава афіцыйнае папярэджаньне наконт супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі атрымала незалежная віцебская журналістка Алена Сьцяпанава.
Праваабарончы цэнтар “Вясна”