Апазыцыянэр Барыс Хамайда зьяўляецца, бадай, ці ня самай знанай асобай у Віцебску. Вось ўжо больш як два дзясяткі гадоў ён амаль штодня выходзіць у цэнтар гораду да т.зв. Сіняга дому, каб прапагандаваць ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня і распаўсюджваць незалежную прэсу. За гэты час зьмянілася мноства кіраўнікоў вобласьці і гораду, а Барыс Ханонавіч усё стаіць на сваім месцы.
Шматпавярховы корпус шпіталя імя Сямашкі ператварыўся ў “даўгабуд”: яго ня тое што ня могуць здаць у эксплёатацыю – нават давесьці да завяршэньня будаўніцтва. Пікет з гэтай нагоды вырашылі правесьці актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі БХД.
У распараджэньне нашай рэдакцыі трапіла ліставаньне паміж дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацсходу РБ па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 і адным зь яго выбаршчыкаў. Тэма ліставаньня: выкананьне Рэспублікай Беларусь рашэньняў КПЧ ААН. Дэпутат: Міхаіл Волкаў. Выбаршчык: праваабаронца Павал Левінаў...
Адміністрацыя Чыгуначнага раёну Віцебску ў асобе Натальлі Ляпёшкінай не дазволіла гарадзкой арганізацыі партыі БНФ правесьці ўрачысты сход, прымеркаваны да Дня Волі. Адмову атрымалі і заяўнікі ад партыі КХП БНФ, якія хацелі зладзіць пікет. Апазыцыйныя актывісты меркавалі правесьці свае імпрэзы 25 і 26 сакавіка ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў.
У Наваполацку сябры «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» актывізавалі збор подпісаў у межах кампаніі «За якасную мэдыцыну». «Мы правялі чарговы збор подпісаў за будаўніцтва паліклінікі ў новых мікрараёнах гораду. Ужо сабрана каля 350 подпісаў. Наступным крокам будзе перадача гэтых лістоў у выканкам. Пабачым, што яны адкажуць», – распавёў каардынатар БХД па Наваполацку Андрэй Гайдукоў.
Грамадзкія актывісты Полацкага рэгіёну сабраліся 16 сакавіка ў судзе гораду Наваполацку, каб падтрымаць сябра БСДП Аляксея Жалнова (Мілюкова). Аляксей падаў пазоў у суд супраць свайго працадаўцы, Наваполацкага ЛПП №8, для выпатрабаваньня ня выплачанай заработнай платы. У працоўнай дамове Аляксея пазначаная мінімальная заработная плата, аднак яму выплачваюць толькі палову – крыху больш за мільён рублёў.
Пасьля месячнага маўчаньня палітзэк Жамчужны даслаў праваабаронцу Леаніду Сьвеціку чарговы ліст. У ім ён паведаміў, чаму вярнуў адпраўлены яму віцебскімі актывістамі прымач, па якім можна было слухаць Радыё Свабоду, як арганізоўваў ў калёніі сустрэчы вязьняў з адміністрацыяй, і пра тое, што ня змог сустрэцца з дырэктарам установы «Рэгіён 119» Аленай Красоўскай-Касьпяровіч.
Праверку дзейнасьці т.зв. Генэральнага савету па стварэньні грамадзкага аб'яднаньня «За сумленную ўладу» на прадмет парушэньня яго лідэрамі артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу ладзіць Кастрычніцкі РАУС Віцебску. Калі ў выніку будзе выяўлена, што прыхільнікі «Сумленнай улады» зьдзейсьнілі злачынства, прадугледжанае згаданым артыкулам КК, ім пагражае пакараньне штрафам, арыштам ці пазбаўленьнем волі на тэрмін да 2-х гадоў.
10 сакавіка на судовым паседжаньні ў Наваполацку была разгледжаная адміністрацыйная справа сябра БСДП Аляксея Жалнова (Мілюкова), абвінавачанага ў абразе намесьніка начальніка лячэбна-працоўнага прафілякторыя № 8 Яўгена Гуцула.