Пасьля месячнага маўчаньня палітзэк Жамчужны даслаў праваабаронцу Леаніду Сьвеціку чарговы ліст. У ім ён паведаміў, чаму вярнуў адпраўлены яму віцебскімі актывістамі прымач, па якім можна было слухаць Радыё Свабоду, як арганізоўваў ў калёніі сустрэчы вязьняў з адміністрацыяй, і пра тое, што ня змог сустрэцца з дырэктарам установы «Рэгіён 119» Аленай Красоўскай-Касьпяровіч.
Пасылка з радыёпрымачом вярнулася віцебскім адпраўнікам з папраўчай калёніі № 14 некалькімі днямі раней. А цяпер Міхаіл Жамчужны распавёў, чаму так здарылася: прымач, які дазваляе слухаць «варожыя галасы», ён вярнуў на волю па настойлівай просьбе рэжымнай частцы калёніі. Цяпер інфармацыйны голад зьняволенага задавальняецца ідэалягічна бясьпечнай радыёкропкай, якая вяшчае ўсяму атраду з 6:00 да 22:00 выключна правільныя беларускія навіны.
Міхаіл Ігаравіч папрасіў паведаміць грамадзкасьці, што ў зьняволеньні ён вядзе актыўную праваабарончую і адукацыйную дзейнасьць. Так, у лютым па просьбе ініцыятыўнай групы, у якую ўваходзіць і сам Жамчужны, у клюбе калёніі прайшлі два сходы зьняволеных з работнікамі бухгальтэрыі і гаспадарчай частки зоны, якія адказалі на ўсе надзённыя пытаньні зэкаў.
Было яшчэ адно мерапрыемства, арганізаванае адміністрацыяй калёніі: у папраўчай установе пабывалі чыноўнікі з адміністрацыі гораду Барысава. Прадстаўнік барысаўскага ЖКГ адказаў на пытаньні асуджаных, зьвязаныя з новымі ўмовамі аплаты жыльлёва-камунальных паслуг. Госьці азнаёміліся з побытам зьняволеных, і з тым, як арганізаваны вольны час насельнікаў ПК.
Прадстаўнікі гарадзкой адміністрацыі – не адзіныя госьці, якія наведалі апошнім часам месца адбываньня пакараньня. Як паведаміў Жамчужны, 16 лютага для правядзеньня маніторынгу ў калёнію прыехала дырэктарка праваабарончай установы «Рэгіён 119» Алена Красоўская-Касьпяровіч.
Палітвязень піша: «Як і чакалася, маніторынг праведзены фармальна, выклікаў нэгатыўную рэакцыю асуджаных, пра што мне было паведамлена. Са мной Алена сустрэчу не правяла, нягледзячы на маю гатоўнасьць, і шэрагу асуджаных, якія хацелі зьвярнуцца да яе з прававымі пытаньнямі. Хадзіла па загадзя падрыхтаваным маршруце для “гасьцей”».
З апошніх лістоў, якія атрымаў праваабаронца Леанід Сьвецік ад Жамчужнага, ён зрабіў выснову, што Міхаіл Ігаравіч ужыўся ў рэжым калёніі, мае аўтарытэт у асяродзьдзі зьняволеных, наладзіў працоўныя кантакты з адміністрацыяй папраўчай установы. Палітвязень маральна гатовы адбываць прызначаны судом тэрмін, але, тым ня менш, змагаецца за сваю свабоду – з дапамогай абаронцы хоча падаць наглядную скаргу старшыню Вярхоўнага суду.