Гарадоцкі раённы суд 13 жніўня не задаволіў скаргі прадстаўнікоў Партыі БНФ і БСДП (Грамада) на рашэньне райвыканкаму аб фармаваньні ўчастковых выбарчых камісій. Заяўнікі скардзіліся на тое, што райвыканкам незаконна адмовіў сябрам партыі на ўключэньне ў выбарчыя камісіі.
Суд Кастрычніцкага раёну Віцебска 3 жніўня не задаволіў скаргу кіраўніка Віцебскага аддзяленьня незарэгістраванай Беларускай кансэрватыўнай партыі “Белая Русь” Аляксандра Кірылава на дзеяньні упраўленьня па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне гарвыканкаму.
У Віцебскім абласным судзе разглядалася касацыйная скарга сябра “Маладога Фронту” Яўгена Гуцалава, які 4 ліпеня за распаўсюд улётак з заклікам байкатаваць маючыя адбыцца выбары судьдзёй Кастрычніцкага райсуду Віцебску Інай Грабоўскай быў пакараны штрафам. Судовае паседжаньне ў аблсудзе працягвалася толькі тры хвіліны. Скарга актывіста задаволеная не была. Цяпер Яўген Гуцалаў мусіць сплаціць дзяржаве 2,4 млн. рублёў.
Празрыстыя скрыні для галасаваньня прыйдуць на зьмену традыцыйным у Віцебскай вобласьці ўжо на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага скліканьня. Пра гэта 9 ліпеня на сумесным паседжаньні прэзыдыюму Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкаму, дзе разглядалася пытаньне ўтварэньня акруговых выбарчых камісіяў, паведаміў старшыня аблвыканкаму Аляксандар Косінец.
Віцебскі актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі - БНФ Сяргей Каваленка ў магілёўскай калёніі № 19 атрымаў характарыстыку «злоснага парушальніка рэжыму», паведаміла ягоная жонка Алена Каваленка. Ёй невядома, за якія парушэньні мужу быў прысвоены такі статус. «Факт у тым, што ў сувязі з гэтым ён атрымаў абмежаваньні на грашовыя сродкі, якія можа выдаткаваць у турме на прадукты. Калі раней ён мог мець 500 тысяч рублёў, дык цяпер толькі 100 тысяч», - заявіла Алена Каваленка.