Як мы пісалі раней, 24 чэрвеня у Полацку зь вялікім посьпехам адбылася прэзэнтацыя кнігі Ўладзімера Арлова «Ад Полацка пачаўся сьвет. My Polacak, the Cradle of the World». Але, як паведаміў пісьменьнік, сьвяточнае ўражаньне ягоных сяброў і чытачоў было азмрочанае барбарскай вылазкай беларусафобаў.
Прыкладна 50% індывідуальных прадпрымальнікаў Віцебскай вобласьці падалі ў падатковыя органы «нулявыя дэклярацыі» напярэдадні ўступленьня ў сілу з 1 ліпеня ўказу Лукашэнкі № 222 аб рэгуляваньні дзейнасьці ІП. Такія дэклярацыі падаюцца ў выпадку адсутнасьці выручкі. Пра гэта БелаПАН паведаміла старшыня аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу «Разам», віцебская прадпрымальніца Ірына Яскевіч.
У Віцебску адбылася сустрэча старшыні Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандра Бухвостава з рабочымі гарадзкіх прадпрыемстваў і арганізацыяў. На сходзе, у прыватнасьці, абмяркоўвалася становішча спраў на віцебскіх заводах. Працоўны зь «Віцязя» ў сваёй прамове адзначыў, што некалі вядомы ўсім завод тэлевізараў зараз «ледзь бачны».
Больш за два дзесяткі жанчын узялі ўдзел у асьветніцкім сэмінары, прысьвечаным тэме рознага кшталту гвалту ў сям'і. Прадстаўніцы слабага полу пазнаёміліся з паняцьцем «гендэр», навучыліся адрозьніваць віды гвалту, пачулі статыстыку яго праяваў у беларускіх сем'ях. Прамаўляла ня толькі вядоўца сэмінару – старшыня Барысаўскага жаночага сацыяльнага аб'яднаньня «Правінцыя» Аўтушка Алена Мікалаеўна, але і самі ўдзельніцы: прыводзілі прыклады, дзяліліся сваім меркаваньнем.
Хрыстафор Жаляпаў, каардынатар па Віцебскай вобласьці ПАГА «Рух "За свабоду"», Аляксей Гаўруцікаў - давераная асоба колішняга кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, а цяпер палітвязьня Статкевіча Мікалая Віктаравіча, Ян Дзяржаўцаў, сябра КХП БНФ, і Кастусь Смолікаў, намесьнік Віцебскай абласной рады партыі БНФ падалі заяву ў Віцебскі гарвыканкам аб правядзеньні вулічнага шэсьця і мітынгу. Імпрэзы заплянаваныя на 27 ліпеня.
У полацкім музэі кнігадрукаваньня 24 чэрвеня адбылася прэзэнтацыя новага выданьня кнігі Ўладзімера Арлова «Ад Полацка пачаўся свет». У перапоўненай залі бібліятэкі музею прысутнічалі стваральнікі выданьня – аўтар, выдавец, фатограф, рэдактар, перакладчык. Прэзэнтацыя суправаджалася жывой музыкай маладых музыкаў, што граюць на старадаўніх інструмэнтах, з гурту «Літы Талер».
21 чэрвеня на радзіме Васіля Быкава адбылося ўручэньне традыцыйнай прэміі «За свабоду думкі». Гэтым разам яе атрымаў бард Віктар Шалкевіч. Імпрэза прайшла ў вёсцы Бычкі, што на Віцебшчыне, і сабрала больш за 200 чалавек.
Падчас будаўніцтва станцыі абезьзялезваньня каля Сялюцкага псыханэўралягічнага дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў быў часткова раскапаны пагорак, на якім знаходзіцца гарадзішча V стагодзьдзя да н.э. — V стагодзьдзя н.э. Гарадзішча ёсьць культурна-гістарычнай каштоўнасьцю Беларусі 3-й катэгорыі.
Суд адмовіў пяршоўцы Беларускага Незалежнага прафсаюзу (БНП) работнікаў ААТ «Нафтан» у задавальненьні патрабаваньня да гарвыканкаму скасаваць рашэньне аб ануляваньні рэгістрацыі дадатковага пагадненьня, падпісанага зь незалежным прафсаюзам.