Сьледчы камітэт паведамляе пра чарговае гучнае затрыманьне топ-мэнэджэраў, уключна з намесьнікам гендырэктара ААТ «Нафтан» і шэрагам кіраўнікоў прадпрыемстваў рэальнага сэктару эканомікі. Супрацоўнікі «Нафтана» ананімна апавялі Радыё Свабода, што затрыманы намесьнік генэральнага дырэктара па матэрыяльным і тэхнічным забесьпячэньні Сяргей Карась і тры ягоныя падначаленыя. Сярод іншага, затрыманыя асобы адказвалі за правядзеньне тэндэраў.
Пытаньне закрыцьця пасутачнай арэнды жытла, якое яшчэ нядаўна гучала толькі для сталіцы, наўпрост закрануў рэгіёны. Так, спэцыялістам КУП «Воршакамгас» было даручана ўзмацніць кантроль за выкарыстаньнем жылых памяшканьняў. У выніку, прадпрымальнікам прапануюць два варыянты: альбо пераводзіць жытло ў нежылы фонд, альбо проста адмовіцца ад бізнэсу.
Віктар Стукаў, кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу беларускага, хацеў наведаць цэхі № 7 і № 12 ААТ «Шкловалакно», каб спраўдзіць скаргі працаўнікоў на ўмовы працы. Але варта было папярэдзіць пра свой візыт генэральнага дырэктара, як уваход на прадпрыемства яму пэрсанальна забаранілі.
Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў шматлікія парушэньні падчас рэстаўрацыі Сафійскага сабору ў Полацку. Яны абышліся бюджэту ў больш як 650 мільёнаў рублёў. Матэрыялы праверкі перададзеныя ў праваахоўныя органы для дачы прававой ацэнкі.
Лекцыя «Права на Мову» адбылася 22 ліпеня ў Наваполацку, у офісе мясцовай філіі Правабарончага цэнтру «Вясна». Яе правёў вядомы лінгвіст і грамадзкі дзяяч Вінцук Вячорка. Падчас лекцыі разглядаліся праблемы дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце падчас зваротаў у органы дзяржаўнай улады, мэтодыкі адстойваньня правоў на адукацыю на беларускай мове і інш. На найбліжэйшы час заплянаваны круглы стол, падчас якога будуць абмеркаваныя дакладныя захады ў Наваполацку па абароне правоў на карыстаньне беларускай мовай.
Судзьдзя суду Лёзьненскага раёну Віцебскай вобласьці Сьняжана Кіндзеева вынесла пастанову пра спыненьне адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да сябра палітвыканкаму Віцебскай абласной арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці Міхаіла Пятроўскага. Такая пастанова вынесеная ў сувязі з тым, што скончыўся тэрмін накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня.
Удзельнікі кампаніі "Народны кантроль" у Віцебску перадалі ў абласны і гарадзкі выканкамы, Віцебскі Савет дэпутатаў копіі подпісаў жыхароў мікрараёнаў Білева за будаўніцтва паліклінічнага комплексу. Арыгіналы подпісаў былі перасланыя ў Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Прадстаўнікам уладаў было перададзена 4108 подпісаў на 271 аркушы.
У рэдакцыю сайту belnovosti.by прыйшоў ліст ад жыхаркі Віцебску Івановай Валянціны Віктараўны, якая сутыкнулася зь бязьмежжам з боку супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспэкцыі. Паводле слоў жанчыны, месяц таму яна атрымала пастанову ДАІ Менску аб прыцягненьні яе да штрафу за перавышэньне хуткасьці на аўтамабілі. Пры гэтым, як піша чытачка, машыны яна ніколі ня мела, і рэгістрацыі нікому не давала.
Другое лета запар сьцены аднаго з найбуйнейшых на Віцебшчыне аздараўленчага лягеру "Віцязь" застаюцца пустымі. Справа ў тым, што ва ўласьнікаў няма сродкаў на яго ўтрыманьне. Перадаць базу новаму ўласьніку рашэньне ўжо прынятае, і нават частка карпусоў перададзеная, але водазабесьпячэньне, электрасеткі ўсё яшчэ на балянсе ранейшага ўладальніка.