Старшыня Мазалаўскага сельскага савету Леанід Дубіна запрасіў актывістаў стваранай грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» наведаць 13 траўня месца меркаваных масавых расстрэлаў грамадзян за часамі сталінскіх рэпрэсіяў. Раней актывісты падавалі калектыўную заяву з 88-мю подпісамі ў сельсавет, і, згодна з заканадаўствам, перш як адказаць на такую заяву, службовыя асобы абавязаныя выехаць на месца і сустрэцца з заяўнікамі.
Віцебскі раённы аддзел Сьледчага камітэту разгледзеў заяву актывістаў, якія прасілі распачаць крымінальную справу па факце знойдзеных імі 28 красавіка ў лясным масіве непадалёк ад вёскі Хайсы чалавечых костак. З адказу СК, атрыманага актывістамі, вынікае, што «ў цяперашні момант падстаў для ўзбуджэньня крымінальнай справы ня маецца».
Падчас сьвяточных мерапрыемстваў 9 траўня на полацкім Кургане Бесьсьмяротнасьці ад гарачыні і пякучага сонца школьнікі страчвалі прытомнасьць. Усё гэта адбывалася на вачох у кіраўнікоў мясцовай улады.
Рабочыя ААТ «Полацак-Шкловалакно» не задаволеныя дыскрымінацыяй з-за сяброўства ў прафсаюзе. Скарга рабочых на дырэктара перададзеная старшыню канцэрну «Белнафтахім» Ігару Ляшэнку падчас яго асабістага прыёму 5 траўня. Рабочых заводу прадстаўляў старшыня Свабоднага прафсаюзу на прадпрыемстве Віктар Стукаў. Гутарка старшыняў аб правох рабочых у менскім офісе канцэрну доўжылася больш за гадзіну.
Зарплату ў сельскагаспадарчым каапэратыве ў Шаркоўшчынскім раёне выдалі кілбасой, але спробу заплаціць за крэдыт спыніла міліцыя. Пра канфуз, які адбыўся некалькі тыдняў таму, распавёў чытач charter97.org Андрэй Бука. «Заробак ў сельскагаспадарчым комплексе часткова выдалі кілбасамі. Прыйшоў чалавек у банк і паспрабаваў імі ж заплаціць за крэдыт. Апынуўся на «сутках»... Гэта не пачатак раману, гэта суворая праўда жыцьця!» – напісаў ён.
Судзьдзя Віцебскага абласнога суду Сьвятлана Іванова падчас касацыйнага разгляду скаргі кіраўніка абласной арганізацыі партыі БНФ Леаніда Аўтухова вырашыла не зьмяняць рашэньне Гарадоцкага райсуду. Цяпер беспрацоўнаму апазыцыйнаму актывісту прыйдзецца заплаціць дзяржаве штраф у памеры 5,4 млн. рублёў.
Мінула менш за тыдзень пасьля абвяшчэньня аршанскім судом адмовы сябру аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Ігару Грышанаву ў задавальненьні яго пазову супраць птушкафабрыкі, як прадстаўнікі мясцовай улады сабралі сход жыхароў, каб адхіліць яго ад пасады старасты вёскі. Жыхары не падтрымалі ініцыятыву ўладаў, але апошнія не супакоіліся і распачалі кампанію па дыскрэдытацыі няўгоднага вясковага кіраўніка.
Каля 20 крыжоў у месцы масавых пахаваньняў ахвяр канцлягеру «5-ы полк» (Stalag 313) у Віцебску зламаныя і валяюцца на зямлі. Таксама цалкам разламаны адзін з драўляных абэліскаў, другая пірамідка пазбавілася зоркі, яшчэ адна – пашкоджаная.
Напрыканцы працоўнага дня 30 красавіка ў гандлёвым цэнтры «Эвіком» прайшоў прадпрымальніцкі сход. Вынікам яго стаўся зварот у Нацыянальны банк, шэраг міністэрстваў і да Аляксандра Лукашэнкі.
Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласьці правёў праверкі ў арганізацыях рэгіёну своечасовасьці выплаты заработнай платы і праўдзівасьці яе адлюстраваньня ў дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасьці, а таксама разгледзеў звароты грамадзян аб фактах нявыплаты зарплаты, якія паступілі ў першым квартале.