Зарплату ў сельскагаспадарчым каапэратыве ў Шаркоўшчынскім раёне выдалі кілбасой, але спробу заплаціць за крэдыт спыніла міліцыя. Пра канфуз, які адбыўся некалькі тыдняў таму, распавёў чытач charter97.org Андрэй Бука. «Заробак ў сельскагаспадарчым комплексе часткова выдалі кілбасамі. Прыйшоў чалавек у банк і паспрабаваў імі ж заплаціць за крэдыт. Апынуўся на «сутках»... Гэта не пачатак раману, гэта суворая праўда жыцьця!» – напісаў ён.
Выпадак адбыўся ў Шаркоўшчынскім раёне, у вёсцы Більдзюгі. Прадпрыемства, якое выдала зарплату кілбасой, называецца СВК «Жвіранка», а банк, у які прыйшоў чалавек з добрымі намерамі, аказаўся аддзяленьнем «Белаграпрамбанку».
«Інфармацыя дакладная. Усё, што я вам расказаў, я асабіста правяраў па сваіх каналах. Гэта адбылося некалькі тыдняў таму. Імя чалавека ня ведаю, а СВК гэты калісьці быў самы багаты, «узорна-паказальны». Нават кампутары на фэрмах стаялі...» – паведаміў чытач.
Як удакладнілі charter97.org у СВК «Жвіранка», зарплату пару тыдняў таму сапраўды выдалі кілбасой, аднак дакладных працэнтных суадносін кілбаснага ўзнагароджаньня назваць не змаглі. «Дакладна ня ведаем, ператэлефануйце заўтра. Але дзесьці менш за палову», – паведамілі ў прыёмнай.