Палітвязень Павал Севярынец лічыць сьвята 9 траўня – сьвятам са сьлязамі ў вачох. Павал згодны з публіцыстам Алесем Чайчыцам, што 9 траўня – гэта “ідэалягічны кастыль для безыдэйных рэжымаў”.
Каб скласьці пратакол на сябра КХП-БНФ Віталя Каваленку, супрацоўнікі міліцыі прыехалі да яго на працу. Копію пратаколу яму не ўручылі, сказалі, што вышлюць па пошце. Брата былога палітвязьня Сяргея Каваленкі абвінавачваюць у правядзеньні несанкцыянаванага пікету ў цэнтры Віцебску 26 красавіка.
Віцебская актывістка Антаніна Піванос працягвае сваё змаганьне ў судзе за тое, каб дзяржава выканала рашэньне Камітэту ААН па правох чалавека ў дачыненьні да яе. У адрозьненьне ад першага паседжаньня, што праходзіла пяцьцю днямі раней, 30 красавіка ў суд прыйшоў таксама прадстаўнік адказчыка – галоўнага ўпраўленьня Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці.
Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, які адбывае пакараньне за Плошчу-2010 у Купліне, атрымаў трохдзённы адпачынак, падчас якога ён зможа наведаць Віцебск, дзе жывуць яго бацькі.
У пікеце, які прайшоў 26 красавіка ў цэнтры Віцебску, узялі ўдзел двое сяброў КХП-БНФ. Віталь Каваленка і Ян Дзяржаўцаў цягам прыкладна 30-ці хвілін стаялі ля помніку Машэраву з плякатамі «Будаваць АЭС бяз згоды народу можа толькі вораг Беларусі» і «Дыктатар! Пабудуеш Астравец – пажнеш Чарнобыль!» Мінакі спыняліся ля пікетоўцаў, задавалі ім пытаньні, рабілі фатаграфіі з дапамогай здымачоў мабільных тэлефонаў.
У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску адбылося папярэдняе судовае паседжаньне па грамадзянскім пазове Антаніны Піванос супраць галоўнага ўпраўленьня Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці. Актывістка патрабуе, каб, у адпаведнасьці з рашэньнем КПЧ ААН, ёй выплацілі грашовую кампэнсацыю маёмасьці, якая была канфіскаваная ў яе 25 сакавіка 2008 году, а таксама вярнулі суму штрафу, якім яе пакаралі незаконна.
Кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў выклікаецца ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску. Ён мусіць прыбыць 24 кастрычніка да супрацоўніка міліцыі С. Вераксы. Прычым, як вынікае з позвы, выклікаецца партыйны лідэр не па адміністрацыйнай, а па нейкай крымінальнай справе.
Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна забараніла партыі БНФ правядзеньне мітынгу, прымеркаванага да 27-х угодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Заяўку на правядзеньне мерапрыемства падаваў кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі Леанід Аўтухоў.
Судзьдзя Першамайскага райсуду Валянціна Кісьмярошкіна прызнала апазыцыянэра Пятра Іванова вінаватым у ілжэсьведчаньні на супрацоўніка міліцыі і ў непадпарадкаваньні міліцыянтам.