На сябра КХП-БНФ Яна Дзяржаўцава 30 красавіка складзены пратакол пра парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Міліцыянты выклікалі яго ў Кастрычніцкі РАУС, каб зафіксаваць правапарушэньне, якога яны на свае вочы ня бачылі – пратакол складзены на падставе здымкаў, выкладзеных у інтэрнэце. Ян Дзяржаўцаў распавёў, што ў пастарунку размова вялася пра акцыю 26 красавіка, на ўгодкі аварыі ў Чарнобылі, які яны ўдвух зладзілі з аднапартыйцам Віталём Каваленкам.
Яны выйшлі на вуліцу Замкавую і да помніку П. Машэраву з плякатамі “Будаваць АЭС бяз згоды народу можа толькі вораг Беларусі” і “Дыктатар, пабудуеш Астравец — пажнеш Чарнобыль!”. Відаць, нехта зь мінакоў выклікаў міліцыю. Аднак міліцэйская машына пад’ехала ўжо тады, калі актывісты згарнулі плякаты і зьбіраліся сыходзіць. Супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі, што рзгортваньне плякатаў будзе кваліфікаванае як несанкцыянаваная акцыя, але намесьнік начальніка ўправы аховы правапарадку і прафіляктыкі Віцебскага аблвыканкаму Андрэй Іваноў адмыслова папрасіў паказаць, што на іх напісана – маўляў, “каб пагледзець, ці няма там заклікаў да зьвяржэньня дзяржаўнага ладу”.
“Міліцэйскі апэратар з машыны здымаў нас на відэа: што мы размаўляем з Івановым, і што плякаты ў нас згорнутыя. Потым нас да прыпынку праводзіў міліцэйскі патруль, каб мы не разгарнулі плякаты ў іншым месцы. Але ў Кастрычніцкім РАУС мне сказалі, што ёсьць шмат сьведкаў таго, як мы пікетавалі. Я ж сказаў, што гэта не было пікетам, бо мы не выказвалі ніякіх палітычных лёзунгаў ці нейкіх патрабаваньняў. На плякатах былі напісаныя нашыя меркаваньні – што мы супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі. Я лічу, што чалавек мае права на вольнае выказваньне сваіх думак, але міліцыя, напэўна, з гэтым ня згодная,” — распавёў Ян Дзяржаўцаў.
Актывіст гаворыць, што іх акцыю здымалі на мабільныя тэлефоны. І ўжо ў абед 26 красавіка фотаздымкі зьявіліся на розных інтэрнэт-сайтах. Паводле міліцыянтаў, гэта таксама станецца доказам на судовым працэсе. У Кастрычніцкім РАУС Яну Дзяржаўцаву сказалі, што перададуць дакумэнты ў суд 6 траўня. Другога ўдзельніка “чарнобыльскай” акцыі, Віталя Каваленку – брата вядомага актывіста Сяргея Каваленкі – міліцыянты таксама шукаюць, каб уручыць позву і скласьці пратакол.
Праваабарончы цэнтар “Вясна”