7 лютага на тэлеканале «Беларусь 1» выйшла ў сьвет тэлеперадача сэрыі «Клюб рэдактараў», у якой была дадзеная нэгатыўная ацэнка дзейнасьці праваабаронцаў. На думку віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава, удзельнікі перадачы нанесьлі абразу праваабаронцам, чым зьдзейсьнілі адміністрацыйнае правапарушэньне. Ён зьвярнуўся ў міліцыю з патрабаваньнем прыцягнуць правапарушальнікаў да адказнасьці.
У гандлёвым цэнтры «Эвіком» у Віцебску прайшоў сход прадпрымальнікаў. Некаторыя адмыслова прыйшлі на сустрэчу, бо зь 1 сакавіка так і не пачалі працаваць. Паводле Ірыны Яскевіч, удзельніцы аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам», аднавілі працу каля паловы гандляроў.
Скаргу на службовую асобу ў Віцебскі гарвыканкам падавалі сябры КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў, Пятро Сарапеня і Алег Емяльянаў. Намесьніца старшыні адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску Вольга Гурчанка адказала на іх заяўку на пікет, складзеную па-беларуску, на расейскай мове. Гэткім чынам, на думку скаржнікаў, чыноўніца парушыла Закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, які патрабуе ад службоўцаў адказваць на мове звароту.
Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве, разгледзеўшы зварот віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка, палічыла немэтазгоднай распрацоўку і зацьвярджэньне пераліку захворваньняў, пры наяўнасьці якіх можа разглядацца пытаньне аб вызваленьні хворых грамадзян ад адміністрацыйнага арышту і замене яго больш мяккімі пакараньнямі.
Незвычайнае судовае паседжаньне адбылося ў Віцебску. Праваабаронца Павал Левінаў падаў скаргу на дзеяньні чыноўніцы, якая забараніла яму праводзіць пікет, і прысутнічаў на паседжаньні, знаходзячыся... у сваёй кватэры. Суд прайшоў у выглядзе тэлеканфэрэнцыі праз інтэрнэт.
Віцебск стаў 45-м горадам краіны, у якім былы палітвязень, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) прэзэнтаваў сваю новую кнігу «Беларуская глыбіня». Сустрэча з прыхільнікамі ягонай творчай і палітычнай дзейнасьці адбылася 21 лютага, у памяшканьні «Эўрапейскага клюбу».
Валянціна Аліневіч сустрэлася з сынам у калёніі. «У суботу адбылося кароткатэрміновае спатканьне, - паведаміла маці палітвязьня. - Усё, як звычайна. Выехалі зь Менску ўранку, ня ведаючы, дадуць нам з мужам убачыць яго ці не. На гэты раз спатканьне адбылося, але права на перадачу, якая належыць адзін раз у чатыры месяцы, ён пазбаўлены».
Адказы на звароты грамадзян павінны быць вычарпальнымі. Такое меркаваньне па выніках наўпроставай лініі 14 лютага выказаў першы намесьнік старшыні Віцебскага аблвыканкаму Генадзь Грабнёў.