24 сьнежня ў Віцебскім абласным судзе разглядаліся касацыйныя скаргі журналістаў і актывістаў, пакараных штрафамі за фатаграфаваньне з птушкамі і клеткамі. Справы шасьці ўдзельнікаў фотасэсіі разьбіралі розныя судзьдзі – Эдгар Марцірасян, Сьвятлана Іванова і Ірына Смалякова, – але вынік іх разбораў аднолькавы: скаргі задаволеныя не былі, рашэньні, прынятыя судом Чыгуначнага раёну, пакінутыя бязь зьменаў.
Палітвязень Ігар Аліневіч, асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму, сустрэўся з бацькамі ў калёніі "Віцьба-3". Гэта было доўгатэрміновае спатканьне, але замест звычайных 3 сутак яно доўжылася толькі суткі.
Сябра аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Андрэя Гайдукова затрымлівалі за раздачу ўлётак 21 лістапада ў Наваполацку і 24 лістапада ў Полацку. 25 лістапада за адну з акцыяў яго асудзілі на 10 сутак, а пасьля, 5 сьнежня, яшчэ на 5 сутак. Актывіст распавёў правабаронцам новыя падрабязнасьці гэтых затрыманьняў і судоў, а таксама пра ўмовы ўтрыманьня ў Наваполацкім цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.
Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік зьвярнуўся ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з прапановай разгледзець пытаньне пра страхаваньне жыцьця і здароўя зьняволеных (асуджаных). Дэпутаты пераслалі прапанову праваабаронцы ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў і Міністэрства фінансаў, адкуль прыйшлі адказы, зь якіх вынікае, што дзяржаўныя органы не зацікаўленыя ва ўвядзеньні абавязковага страхаваньня жыцьця і здароўя тых, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі.
17 сьнежня ў Чыгуначным райсудзе Віцебску завяршыўся апошні судовы працэс над удзельнікамі фотасэсіі «з клеткамі і птушкамі». Судовы працэс над Паўлам Левінавым вяла судзьдзя Алена Цыганкова. Паводле яе рашэньня, Павал Левінаў мусіць выплаціць штраф у памеры 25 базавых адзінак — 3 мільёны 750 тысяч рублёў.
Праваабаронца Павал Левінаў зьвяртаўся ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну Віцебску, куды ён паведаміў, што зьбіраецца сфатаграфавацца зь сябрамі. Пры гэтым падкрэсьліў, што ўдзельнікі фотасэсіі маюць адзіную мэту – толькі сфатаграфавацца. Аднак у адказ атрымаў ліст з забаронай: маўляў, ён ня выканаў патрабаваньняў рашэньня гарвыканкаму "Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску".
Зварот ад імя больш за 1000 віцебчукоў быў дасланы поштаю у Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Таксама лісты былі асабіста перададзеныя ў Віцебскі гарадзкі выканаўчы камітэт і Савет дэпутатаў.
Заяўкі ў тры раённыя адміністрацыі Віцебску падаваў праваабаронца Павал Левінаў. Ён хацеў правесьці тры аднахвілінныя пікеты ў розных раёнах гораду ў Дзень правоў чалавека, 10 сьнежня. Але атрымаў ужо традыцыйныя, шаблённыя забароны.
Аршанскі актывіст Ігар Казьмярчак зьвярнуўся да міністра інфармацыі Ліліі Ананіч з просьбай даць ацэнку дзеяньням адказных асоб, якія дапусьцілі ў этэр СТВ праграмы, якія папулярызуюць сучасных дзеячоў фашызму.
«Фатаграфіі ў інтэрнэце групы асоб з папяровымі клеткамі і птушкамі спарадзілі вялікі аб'ём адміністрацыйнай працы для міліцыянтаў і судзьдзяў Чыгуначнага раёну гораду Віцебску. Варта адзначыць, што ў працэсе разгляду спраў у судзе адбыліся зьмены і ў частцы прад'яўленых абвінавачваньняў удзельнікам фотасэсіі, і ў частцы пакараньня», – пракамэнтаваў сэрыю судовых працэсаў у дачыненьні да ўдзельнікаў фотасэсіі на фоне графіці, якія прайшлі надоечы ў Віцебску, праваабаронца Валер Місьнікаў. Пра гэта ён напісаў у сваім блогу на livejournal.com.