7 лютага на тэлеканале «Беларусь 1» выйшла ў сьвет тэлеперадача сэрыі «Клюб рэдактараў», у якой была дадзеная нэгатыўная ацэнка дзейнасьці праваабаронцаў. На думку віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава, удзельнікі перадачы нанесьлі абразу праваабаронцам, чым зьдзейсьнілі адміністрацыйнае правапарушэньне. Ён зьвярнуўся ў міліцыю з патрабаваньнем прыцягнуць правапарушальнікаў да адказнасьці.
Павал Левінаў: «Перад намі яскравы прыклад тыповых паводзін чыноўнікаў, якія вырасьлі ў цяплічных умовах безадказнасьці і беспакаранасьці эпохі Лукашэнкі. Задача грамадзянскай супольнасьці — не пакідаць без адпаведнай рэакцыі гэткія выпады...»
Па праве грамадзяніна Павал Левінаў накіраваў у органы МУС заяву аб адміністрацыйным правапарушэньні наступнага зьместу:
Белтэлерадыёкампанія (тэлеканал «Беларусь 1») 07 лютага 2014 году разьмясьціла ў этэры тэлепраграму «Клюб рэдактараў», якая была паўтораная ў этэры 09 лютага 2015 году. У тэлепраграме бралі ўдзел: Генадзь Давыдзька (старшыня Белтэлерадыёкампаніі), Павал Якубовіч («СБ – Беларусь сегодня»), Галіна Малішэўская («Комсомольская правда» в Беларуси»), Георгі Атаманаў (дэпутат Менгарсавету), Андрэй Шубадзёраў (начальнік ваеннага інфармацыйнага агенцтва «Ваяр»).
Тэмай абмеркаваньня было пазначана: «Украінскі крызыс» (http://www.tvr.by/videogallery/video.php?1647).
Разам з тым, пры канцы тэлепраграмы тэма абмеркаваньня была зьмененая, і апошнія тры хвіліны этэру былі прысьвечаныя сустрэчы беларускіх праваабаронцаў са спэцыяльным дакладчыкам ААН па правох чалавека ў Беларусі Міклашам Харашці.
Падчас абмеркаваньня сустрэчы Генадзь Давыдзька неаднаразова абразьліва выказваўся аб праваабаронцах, ужываючы выраз: «так званыя праваабаронцы». Георгі Атаманаў абзываў праваабаронцаў шпаной.
Павал Якубовіч прадстаўніка ААН, заснавальнікам якой зьяўляецца Беларусь, абражаў словамі: «агідны і правакатар». Гэта значыць, нанёс службовай асобе зьнявагу, якая прыніжае гонар і годнасьць асобы, выказаную ў непрыстойнай форме.
Займаюся праваабарончай дзейнасьцю больш за 40 гадоў, зьяўляўся ўдзельнікам сустрэчы зь Міклашам Харашці, а таму ўсе абразы ў адрас праваабаронцаў, якія прагучалі ў тэлеперадачы «Клюб рэдактараў» ад 07 і 09 лютага 2015 году, адношу на свой рахунак.
На падставе выкладзенага, бачу ў дзеяньнях грамадзян Генадзя Давыдзькі, Паўла Якубовіча і Георгія Атаманава склад адміністрацыйнага правапарушэньня, адказнасьць за якое вызначаная артыкулам 9.3.Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
У адпаведнасьці зь дзеючым заканадаўствам адміністрацыйная адказнасьць грунтуецца на прынцыпах роўнасьці перад законам, то бок фізычныя асобы, якія ўчынілі адміністрацыйнае правапарушэньне, роўныя перад законам і падлягаюць адміністрацыйнай адказнасьці незалежна ад полу, расы, нацыянальнасьці, мовы, паходжаньня, маёмаснага і службовага становішча, месца жыхарства або месца знаходжаньня, адносінаў да рэлігіі, перакананьняў, прыналежнасьці да грамадзкіх аб'яднаньняў, а таксама іншых абставінаў.
У адпаведнасьці з пунктам 3 артыкулу 4.5 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях, дзеяньне, якое зьмяшчае прыкметы адміністрацыйнага правапарушэньня, такое як абраза (артыкул 9.3), цягне адміністрацыйную адказнасьць толькі пры наяўнасьці выказанага ў вызначаным Працэсуальна-выканаўчым кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях парадку патрабаваньня прыцягнуць асобу, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэньне, да адміністрацыйнай адказнасьці.
На падставе выкладзенага
ЗАЯЎЛЯЮ ПАТРАБАВАНЬНЕ:
1. Прыцягнуць грамадзян Генадзя Давыдзьку, Паўла Якубовіча і Георгія Атаманава да адміністрацыйнай адказнасьці за дзеяньні, адказнасьць за якія вызначаная артыкулам 9.3 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
2. Праінфармаваць мяне аб прынятым рашэньні.
12 лютага 2015 году
Аб далейшай рэакцыі можна меркаваць па зьмесьце новай тэлеперадачы, якая выйшла ў этэр 28 лютага 2015 году. У ёй гаворка пайшла аб... Паўле Левінаве, які «нядоўга думаючы» у адказ, вядома, на меркаваньне, а не абразу «нейкага чыноўніка» (гэта дакладчык ААН па правох чалавека ў Беларусі Міклаш Харашці) выказаў сваё меркаваньне ў «аддзяленьні міліцыі». А статус Левінава нечакана вырас у вачох аднаго з удзельнікаў этэру да азначэньня «выбітны» і «найлепшы ў сьвеце» праваабаронца.
Паводле vkurier.by