Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў старшыню Віцебскага аблвыканкама аб адказнасьці за невыкананьне ўзятых на сябе забавязаньняў. Адпаведныя заявы былі зробленыя Лукашэнкам 27 траўня на выязной нарадзе па праблемах кормавытворчасьці і павышэньня эфэктыўнасьці жывёлагадоўлі.
Беларуская чыгунка і ДАТ "Латвійская чыгунка" заключылі пагадненьне аб супрацоўніцтве ў сфэры электрыфікацыі напрамку Полацак — Дзьвінск (Даўгаўпілс). Паводле інфармацыі прэс-цэнтра БЧ, асноўнымі мэтамі дакумэнту зьяўляюцца павышэньне экалягічнай бясьпекі і канкурэнтаздольнасьці чыгуначнага транспарту, разьвіцьцё інфраструктуры прымежных участкаў на згаданым напрамку.
Жыхар Віцебску Аляксандар Холад зьвярнуўся да старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы са скаргай. У сваім звароце Холад паведамляе галоўнаму судзьдзю краіны пра адвольнае пакіданьне без разгляду намесьнікам старшыні ВС Андрэем Забарам і першым намесьнікам старшыні ВС Аляксандрам Федарцовым ягоных наглядных скаргаў на пастанову суду Чыгуначнага раёну Віцебску і просіць аднавіць яго канстытуцыйнае права на доступ да суду.
16 траўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ №219 "Аб будаўніцтве Віцебскай ГЭС на рацэ Заходняя Дзьвіна". Згодна з дакумэнтам, да 1 студзеня 2019 году будзе зьдзейсьненае комплекснае будаўніцтва Віцебскай ГЭС. Кантракт на будаўніцтва падпісалі РУП "Віцебскэнэрга" і кітайская кампанія China National Electric Engineering Co., Ltd.
Органамі пракуратуры Віцебскай вобласьці праведзеная праверка выкананьня патрабаваньняў заканадаўства ў арганізацыях, якія ўваходзяць у сыстэму Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Падчас правядзеньня органамі пракуратуры наглядных мерапрыемстваў выяўлена, што арганізацыямі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ня ў поўнай меры выкананыя задачы па павышэньні эфэктыўнасьці работы і мадэрнізацыі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі па выніках працы ў 2013 годзе, паведамляе афіцыйны сайт Генпракуратуры Рэспублікі Беларусь.
Адміністрацыя прэзыдэнта ня стала разглядаць скаргу рабочых ААТ «Полацак-Шкловалакно» на невыкананьне дырэктарам заводу Ўказу прэзыдэнта, перанакіраваўшы яе ў міністэрства працы. А намесьнік міністра працы Валер Кавалькоў адказаў рабочым, што міністэрства ня мае паўнамоцтваў пракантраляваць выкананьне ўказаньняў прэзыдэнта.
8 траўня сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец быў выкліканы ў крымінальна-выканаўчую інспэкцыю Фрунзэнскага раёну Менску, дзе яму вынесьлі афіцыйнае папярэджаньне «пра недапушчальнасьць супрацьпраўных дзеяньняў». Павал Севярынец зьвязвае гэта з чэмпіянатам сьвету па хакеі, які распачынаецца ў Менску.
Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік ня здолеў пераканаць найвышэйшыя дзяржаўныя органы зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд Беларусі. Праваабаронца хацеў даведацца пра пазыцыю суду наконт адпаведнасьці артыкулаў 120, 122-124 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Канстытуцыі краіны і міжнародным дамовам.
Паводле стану на 1 красавіка 2014 году колькасьць насельніцтва Віцебскай вобласьці склала 1 млн. 201,0 тысячу чалавек. За тры месяцы колькасьць жыхароў Віцебшчыны зьменшылася на 1100 чалавек. Па выніках трох месяцаў бягучага году Віцебшчына працягвае ўтрымліваць сумнае лідэрства: вобласьць займае першае месца па каэфіцыенце сьмяротнасьці і дэманструе самы нізкі ў краіне каэфіцыент нараджальнасьці.
Налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Віцебскай вобласьці ў першым вясновым месяцы склала 5 035 622 і за месяц вырасла на 312 282 рублёў. Два ранейшыя месяцы заробкі работнікаў вобласьці памяншаліся: у студзені - на 419 549 рублёў, у лютым - на 25 572 рублёў. Сакавіцкі прырост ня змог кампэнсаваць падзеньне заработнай платы на пачатку года - сьнежаньскі ўзровень у 5 168 461 рубель пакуль яшчэ не дасягнуты.