У сацыяльнай сетцы «Укантакце» кіпяць жарсьці. Ад імя праваабаронцы Паўла Левінава распаўсюджваюцца абразьлівыя матэрыялы супраць актывістаў грамадзянскай супольнасьці, вядомых у Віцебску. Сам Павал Левінаў сьцьвярджае, што ён ня мае ніякага дачыненьня да старонкі ў «Укантакце», створанай ад яго імя, і выказвае меркаваньне, што гэта нейкая правакацыя.
25 верасьня выбітны беларускі дзеяч Алесь Бяляцкі, які адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі ў Бабруйску, адзначае сваё 51-годзьдзе. Віцебскія калегі праваабаронцы накіравалі ў яго адрас свае віншаваньні і пажадалі яму найхутчэйшага вызваленьня.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя распаўсюдзіла паведамленьне з заклікам дамагацца вызваленьня віцебскага лекара Ігара Пастнова, зьмешчанага ў Віцебскі абласны псыхіятрычны шпіталь на прымусовае лячэньне пасьля шэрагу крытычных выступаў у інтэрнэце і СМІ. У паведамленьні Amnesty International гаворыцца, што Ігар Пастноў — псыхіятар зь Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі — цягам апошніх паўтара гадоў неаднаразова крытыкаваў на YouTube палітыку ўраду й гарадзкую сыстэму аховы здароўя.
Віцебскія праваабаронцы ладзяць акцыю ў інтэрнэце. Яны распачалі збор подпісаў пад пэтыцыяй з загалоўкам «Свабоду доктару-праўдалюбу Ігару Пастнову, гвалтоўна зьмешчанаму ў вар’ятню ў Беларусі». Усім ахвотным прапануецца падпісаць патрабаваньне на адрас міністра аховы здароўя Беларусі правесьці паўторную псыхіятрычную экспэртызу доктара Ігара Пастнова.
Праваабарончая арганізацыя Amnesty International заступілася за віцебскага лекара Ігара Пастнова, зьмешчанага згодна з рашэньнем суду ў вар'ятню дзеля прымусовага лячэньня. Арганізацыя заклікала ўсіх неабыякавых да тэрміновай акцыі: напісаць на беларускай, расейскай, ангельскай або сваёй роднай мове лісты на адрас міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Васіля Жарко і генпракурора Аляксандра Канюка.
Калегія Менскага гарадзкога суду адмовіла Любові Кавалёвай і Тацьцяне Казяр у задавальненьні скаргі на дзеяньні суду Кастрычніцкага раёну Менску. Маці і сястра Ўладзіслава Кавалёва, пакаранага сьмерцю за тэракт у менскім мэтро, прасілі суд вышэйшай інстанцыі прызнаць неправамернай адмову раённага суду распачаць грамадзянскі працэс адносна шэрагу органаў найвышэйшай дзяржаўнай улады, якія адмаўляюцца раскрыць месца пахаваньня расстралянага.
Віцэ-прэм’ер Пётар Пракаповіч расказаў прыватнаму бізнэсу пра яго задачы. Па-першае, у наступнай пяцігодцы забясьпечыць 50% валавага ўнутранага прадукту (цяпер гэта каля 20%). Па-другое, чыноўнік параіў прадпрымальнікам заняцца вытворчасьцю і гандляваць айчыннай прадукцыяй, а ня скардзіцца на новы тэхнічны рэглямэнт Мытнага саюзу адносна прадукцыі лёгкай прамысловасьці. Старшыня арганізацыйнай групы па стварэньні беларускага прафсаюзу “Разам” Ірына Яскевіч лічыць такія заявы чыноўніка пустымі.
Паводле зьвестак, распаўсюджаных у СМІ, на чарговай сэсіі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь будуць разгледжаныя папраўкі ў Выбарчы і Адміністрацыйны кодэксы Рэспублікі Беларусь. Згодна з наяўнай інфармацыяй, будзе забароненая агітацыя за байкот выбараў, а за ажыццяўленне такой агітацыі будуць прадугледжаныя адміністрацыйныя санкцыі. У сувязі з гэтым ў Камісію па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў зьвярнуўся старшыня Віцебскай абласной рады партыі БНФ Леанід Аўтухоў.
Дэпартамэнт выкананьня пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь ня даў дазволу незалежнаму журналісту наведаць установы пэнітэнцыярнай сыстэмы. З адпаведнай заявай зьвярнуўся ў дэпартамэнт віцебскі сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Кастусь Мардзьвінцаў. «Кіраўніцтва дэпартамэнту лічыць немэтазгодным наведваньне Вамі папраўчых калёніяў крымінальна-выканаўчай сыстэмы МУС Рэспублікі Беларусь», – паведаміў заяўніку першы намесьнік начальніка ДВП С.І. Працэнка.
Беларускі кіраўнік спрабуе зрабіць з настаўнікаў паслухмяных зомбі і манкуртаў. Такое меркаваньне выказала каардынатар па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД), пэдагог Тацьцяна Севярынец, камэнтуючы патрабаваньне Лукашэнкі павысіць дысцыпліну ў пэдкалектывах.