Фонд “My razem” (Польшча) абвяшчае конкурс эсэ “Жанчыны – мы разам!”. Праект ажыцьцяўляецца ў межах праграмы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча “Польска-беларускае ўзаемадзеяньне 2013” („Wspólne Działania Polsko-Białoruskie 2013”), у супрацоўніцтве з Камітэтам абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” (Беларусь). Удзел у конкурсе эсэ возьмуць жанчыны зь Беларусі ды Польшчы, каб падзяліцца сваім досьведам у справе барацьбы з рэжымам. Працоўныя мовы конкурса: польская, беларуская, руская.
Старшыня пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандар Зазуля ад імя дэпутатаў – сябраў камісіі падзякаваў Леаніду Сьвеціку за праяўленую ім ініцыятыву і актыўную жыцьцёвую пазыцыю. У цяперашні час ідзе падрыхтоўка законапраекту «Аб унясеньні зьменаў у Выбарчы Кодэкс Рэспублікі Беларусь», і праваабаронца накіроўваў у парлямэнт прапанову аб тым, якія зьмены, на яго думку, варта зрабіць.
Палітвязень Павал Севярынец лічыць сьвята 9 траўня – сьвятам са сьлязамі ў вачох. Павал згодны з публіцыстам Алесем Чайчыцам, што 9 траўня – гэта “ідэалягічны кастыль для безыдэйных рэжымаў”.
Праваабаронца Леанід Сьвецік зьвяртаўся ў Цэнтральную выбарчую камісію з прапановай аб унясеньні зьменаў у выбарчы кодэкс. У прыватнасьці, ён прасіў дадаць у артыкул 11 выбарчага кодэксу азначэньне дзяржаўна-прававога статусу выбарчых камісіяў – у дзеючай цяпер рэдакцыі кодэксу такога азначэньня няма. Надоечы быў атрыманы адказ на прапанову: Лідзія Ярмошына паведаміла праваабаронцу, што ягоны зварот пакінуты без разгляду па сутнасьці.
Канстытуцыйны суд ня стаў разглядаць пытаньне, пастаўленае перад ім віцебскім сябрам КХП-БНФ Янам Дзяржаўцавым. Апошні прасіў суд разабрацца з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску». На думку палітыка, згаданае рашэньне мясцовых уладаў супярэчыць нормам Канстытуцыі, бо, фактычна, пазбаўляе грамадзян права на мірныя сходы.
Маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва, абвінавачанага ў тэрарызьме пасьля выбуху ў менскім мэтро, хоча ведаць падрабязнасьці пра апошнія хвіліны сына, якога лічыць неправасудна пакараным сьмерцю. Яна спрабуе высьветліць, якая структура выканала сьмяротны прысуд, вынесены Вярхоўным судом у дачыненьні да яе сына.
У Віцебску ў мясцовым “Эўрапейскім доме” адбылася ўрачыстая вечарына, прымеркаваная да 170-годзьдзя з дня нараджэньня Кастуся Каліноўскага і 95-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
Як мы паведамлялі раней, Камітэт па правох чалавека ААН прызнаў, што ўлады Беларусі парушылі грамадзянскія і палітычныя правы Антаніны Піванос. Аднак улады не сьпяшаюцца выконваць рашэньне аўтарытэтнага міжнароднага воргану. Каб усё-такі дамагчыся рэалізацыі гэтага рашэньня на практыцы, віцебская актывістка вымушаная была зьвярнуцца ў суд.
Падлеткавую папраўчую калёнію ў Віцебску плянуюць зачыніць. Пра гэта паведаміў намесьнік начальніка аддзелу ўпраўленьня прафіляктыкі Міністэрства ўнутраных спраў Валер Мялешка. “Паступова мы прыйшлі да таго, што ў нас застанецца адна падлеткавая калёнія - у Бабруйску, дый там зьмяшчаецца зусім ня шмат зьняволеных. Раней такіх калёніяў было тры - яшчэ дзьве ў Віцебску. Адна зь іх зачыненая некалькі гадоў таму, другую таксама плянуецца зачыніць”, - распавёў Валер Мялешка.
Прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Валер Місьнікаў ад імя прафсаюзнай арганізацыі зьвяртаўся да старшыні Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь з заявай аб узбуджэньні крымінальнай справы ў дачыненьні да судзьдзі Чыгуначнага райсуду Віцебску Сьвятланы Варатынскай. Сьледчы камітэт ня стаў разглядаць заяву і выносіць працэсуальны дакумэнт, прадугледжаны КПК, а адказаў адпіскай, у якой начальнік аддзелу па працы са зваротамі грамадзян С. Тухто паведаміў спадару Місьнікаву, што зварот пакінуты без разгляду па сутнасьці.