Актывіст грамадзянскай кампаніі «Справаводзтва па-беларуску!» Ігар Случак зьвярнуўся да дэпутатаў Нацыянальнага сходу, якія нарадзіліся па-за Беларусьсю, з прапановай выступіць з заканадаўчай ініцыятывай пра унясеньне зьменаў у закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», якія б дазволілі пашырыць ужываньне беларускай мовы ў афіцыйных зносінах з чыноўнікамі. Адным з адрасатаў прапановы стала дэпутат ад Полацкай гарадзкой акругі № 28 Натальля Гуйвік (на фота), у мінулым судзьдзя Полацкага гарадзкога суду, якая нарадзілася ў г. Кіраве (Расея).
Віцебская вобласьць зьяўляецца аўтсайдэрам паводле ўзроўню фінансавай дысцыпліны сярод рэгіёнаў Беларусі. Пра гэта заявіў выконваючы абавязкі старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў на паседжаньні калегіі КДК.
Некалькі дзясяткаў жыхароў Віцебску падпісаліся пад калектыўным лістом у Савет Міністраў з просьбай паспрыяць зьмене рашэньня Віцебскага гарвыканкаму №881 “Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску” і ініцыяваць зварот у Канстытуцыйны суд для праверкі адпаведнасьці гэтага дакумэнту Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Абласны каардынатар руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў атрымаў адказ.
Жыхар Віцебску Павал Тулубенскі (на фота) зьвярнуўся з заявай у Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусі. У сваёй заяве ён просіць кіраўніцтва вышэйшай судовай інстанцыі краіны прыцягнуць да адказнасьці і адхіліць ад займаемай пасады старшыню суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Яўгена Бурунова. На думку заяўніка, судзьдзя Буруноў вынес у дачыненьні да яго неправасуднае рашэньне па адміністрацыйнай справе.
Як паведамляюць беларускія турапэратары, у айчынных турыстычных кампаніяў узьніклі складанасьці зь пераводам грошай партнэрам за мяжу праз банкі з расейскім капіталам, прадстаўленыя ў Беларусі. Так, на цэлы тыдзень затрыманы даляравы плацёж праз «Белзьнешэканомбанк» у аднаго з буйных беларускіх турапэратараў.
Сьледчы камітэт паведамляе пра чарговае гучнае затрыманьне топ-мэнэджэраў, уключна з намесьнікам гендырэктара ААТ «Нафтан» і шэрагам кіраўнікоў прадпрыемстваў рэальнага сэктару эканомікі. Супрацоўнікі «Нафтана» ананімна апавялі Радыё Свабода, што затрыманы намесьнік генэральнага дырэктара па матэрыяльным і тэхнічным забесьпячэньні Сяргей Карась і тры ягоныя падначаленыя. Сярод іншага, затрыманыя асобы адказвалі за правядзеньне тэндэраў.
У рэдакцыю сайту belnovosti.by прыйшоў ліст ад жыхаркі Віцебску Івановай Валянціны Віктараўны, якая сутыкнулася зь бязьмежжам з боку супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспэкцыі. Паводле слоў жанчыны, месяц таму яна атрымала пастанову ДАІ Менску аб прыцягненьні яе да штрафу за перавышэньне хуткасьці на аўтамабілі. Пры гэтым, як піша чытачка, машыны яна ніколі ня мела, і рэгістрацыі нікому не давала.
Віцебская абласная рада грамадзкага аб’яднаньня “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” зьвярнулася да прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча і кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Андрэя Кабякова з прапановай ушанаваць памяць Генадзя Бураўкіна.
Рэканструкцыя цэху па вытворчасьці кансэрваў на мясной аснове для дзіцячага харчаваньня ў ААТ «Аршанскі мясакансэрвавы камбінат» у 2011-2014 гадох увогуле абыйдзецца прадпрыемству ў 78,1 мільярдаў рублёў (9,9 мільёнаў даляраў паводле сярэдняга курсу даляру за адзначаны пэрыяд). Гэткія зьмены замацаваныя пастановай беларускага ўраду ад 26 чэрвеня 2014 № 623.