Сьледчым камітэтам Рэспублікі Беларусь узбуджаная крымінальная справа па факце гібелі рабочых ААТ «Белэнэргарамналадка» падчас вытворчасьці рамонтных работ на Наваполацкай ЦЭЦ. Сьледчымі праведзены шэраг аглядаў на прадпрыемстве. У цяперашні час ажыцьцяўляецца выманьне дакумэнтацыі, вядуцца допыты спэцыялістаў ЦЭЦ. Прызначаныя экспэртныя дасьледаваньні. Сьледчая група працягвае працу на месцы.
25 верасьня раніцай адбыўся пажар на складзе ААТ «Арэхаўскі льнозавод» ў Аршанскім раёне. Агнём зьнішчаны 50 тон ільнотрасты. Пацярпелых няма. На месца здарэньня неадкладна прыбылі супрацоўнікі падразьдзяленьняў МНС. Удалося выратаваць большую частку сыравіны - 720 тон. Прычына ўзгараньня і нанесеная шкода ўстанаўліваюцца. Расьсьледаваньнем займаецца Сьледчы камітэт: спэцыялісты апытваюць відавочцаў, працуе крыміналістычная лябараторыя.
У офісе касмэтычнай фірмы Avon у Воршы па вул. Герцэна, 4 можна азнаёміцца з улёткай данецкіх тэрарыстаў. Улётка называецца "Фонд дапамогі Наваросіі" і ўтрымлівае фатаграфіі Стралкова-Гіркіна, Бабая і іншых дзеячаў так званай Данецкай народнай рэспублікі. Пра тое, як такая ўлётка зьявілася ў офісе вядомай касмэтычнай фірмы, інфармацыі няма.
Як паведаміў журналіст Зьміцер Лупач, у межах штогадовага фэстывалю каталіцкіх фільмаў “Magnificat”, што праходзіць у Глыбокім, была арганізаваная паездка для журналістаў. Аднак нягледзячы на папярэднюю акрэдытацыю ў старшыні фэстывалю Зьмітру Лупачу не дазволілі разам зь іншымі журналістамі наведаць вёску Івесь.
Пасьля працоўнай зьмены работнікі ААТ «Полацак-Шкловалакно» змушаныя былі мыцца вадой з мазутам, распавёў старшыня пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Віктар Стукаў. Паводле слоў рабочых, аказалася, што ва ўстаноўцы падагрэву вады адбылася ўцечка гаручага мазуту, які трапіў у гарачую ваду. Аднак выказваць абурэньне з прычыны здарэньня рабочыя не гатовыя.
У Генэральнай пракуратуры распавялі, за што сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Ганна Шарэйка была пазбаўленая недатыкальнасьці і ў чым яе падазраюць.
Сьледчым камітэтам працягваецца расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да службовых асоб адкрытага акцыянэрнага таварыства «Нафтан». Пра гэта паведамілі ў Сьледчым камітэце. У цяперашні час пад вартай знаходзяцца 6 чалавек - 3 службовыя асобы прадпрыемства, уключаючы намесьніка генэральнага дырэктара ААТ «Нафтан», і тры прадстаўнікі суб'ектаў гаспадараньня прыватнай формы ўласнасьці.
Віцебскі апэратар кабельнага ТБ ААТ «ВОТТЦ "Гарант"» спыніў трансьляцыю ўкраінскага тэлеканалу «Iнтер+». На яго ранейшай частаце цяпер вяшчаецца расейскі забаўляльны канал «Сарафан». У службе тэхнічнай падтрымкі апэратара па нумары «1-34» адключэньне ўкраінскага тэлеканалу пацьвердзілі. Паводле слоў супрацоўніка тэхпадтрымкі канал больш трансьлявацца ня будзе, што, нібыта, зьвязана з тэхнічнымі непаладкамі сыстэмы, якая яго перадае.
У цэху № 201 заводу «Палімір» ААТ «Нафтан» з флянцавага злучэньня помпы адбылася ўцечка воднага раствору ацэтанітрілу, які разьліўся на плошчы 1 квадратны мэтар. Падчас спробы самастойна ліквідаваць цечу атручваньне парамі сінільнай кіслаты (уваходзіць у склад рэчыва) атрымалі сьлесар-рамонтнік і старшы майстар цэху. Абодва шпіталізаваныя.
Праяжджаючы праз Глыбокае, журналіст Кастусь Шыталь пабачыў расейскі сьцяг на лабавым шкле аўтобуса. Ён зайшоў у дыспэтчарскую аўтавакзалу і напісаў скаргу ў Кнігу заўваг і прапаноў. Днямі ён атрымаў адказ з аўтапарку, у якім адзначаецца, што з кіроўцам праведзеная тлумачальная гутарка ў сувязі са знаходжаньнем староньніх прадметаў у аўтобусе. Расейскі сьцяг з аўтобуса зьняты.