Пасьля працоўнай зьмены работнікі ААТ «Полацак-Шкловалакно» змушаныя былі мыцца вадой з мазутам, распавёў старшыня пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Віктар Стукаў. Паводле слоў рабочых, аказалася, што ва ўстаноўцы падагрэву вады адбылася ўцечка гаручага мазуту, які трапіў у гарачую ваду. Аднак выказваць абурэньне з прычыны здарэньня рабочыя не гатовыя.
"Пасьля душу 19 жніўня людзі казалі, што дома ад іх пахла газай. Непаладку неўзабаве ліквідавалі. Але, як я зразумеў з размоў з рабочымі, непрыемны пах дагэтуль стаіць у душы, - паведаміў Віктар Стукаў. - Пасьля зьмены душ прымае 300-400 чалавек. Рабочыя ня могуць не памыцца. Я сам там працаваў, і памятаю, што калі не прыняць душ, то ўсё цела будзе калоцца і чухацца ад дробнага шклянога пылу, які прысутнічае пры вытворчасьці і апрацоўцы шкловалакна. Нават калі няма гарачай вады, рабочыя мыюцца халоднай".
"Я цікавіўся, ці ёсьць абурэньне сярод рабочых, ці гатовыя яны ўзьняць гэтае пытаньне перад начальствам, запатрабаваць кампэнсацыю маральную шкоды. Але работнікі не разумеюць, што ў гэтай сытуацыі трэба адстойваць свае інтарэсы, каб больш такога не паўтаралася. Пакуль рашучых людзей, гатовых нешта патрабаваць, на жаль, няма", - распавёў Віктар Стукаў.
praca-by.info