У Віцебску праходзіць конкурс майстроў сучаснай харэаграфіі, у якім сёлета ўпершыню ўдзельнічае тэатар танцу са швэйцарскага гораду Базэль Basel Dance Company. Гледачы яшчэ ня бачылі яго выступу, але кіраўніца гэтага калектыву Галіна Гладкова-Гофман ужо заслужыла самыя гарачыя аплядысмэнты на канцэрце адкрыцьця фэстывалю: падчас традыцыйнага прадстаўленьня ўсіх канкурсантаў швэйцарскі харэограф зьявілася на сцэне ў інвалідным вазку.
Вольга Гайдукова, маці зьняволенага ў СІЗА КДБ актывіста, апавяла са словаў адваката, што 22 лістапада сына дапытваў сьледчы. Паводле спадарыні Гайдуковай, Андрэй дагэтуль не атрымаў лістоў з дому, і да сваякоў не дайшлі лісты, адпраўленыя ім. Зь першага дня затрыманьня Андрэй Гайдукоў напісаў дахаты тры лісты, кажа маці.
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», палітвязень Павал Севярынец распаўсюдзіў заяву з нагоды затрыманьня наваполацкага грамадзкага актывіста, супраць якога распачалі крымінальную справу за «здраду дзяржаве». Ён патрабуе ад спэцслужбаў вызваленьня затрыманага Андрэя Гайдукова (на фота) і тлумачэньняў наконт апэрацыі па ягоным арышце.
Віцебскія актывісты Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі правялі акцыю “Калi сёньня ты замаўчыш, заўтра цябе нiхто не абаронiць”. Мэта акцыі – азнаёміць віцебчукоў з праўдай пра “выбары”. Падчас акцыі актывісты распаўсюдзілі па паштовых скрынях бюлетэні са зьвесткамі пра тое, як фальшаваліся мінулыя “выбары” ў Беларусі.
Больш за 60 чалавек апытаныя, амаль 20 чалавек затрыманыя. Аднак злачынца, які ўчыніў выбух ля будынку УКДБ ў Віцебску, так і ня знойдзены. 15 лістапада быў адпушчаны апошні падазраваны, што быў у сьледства.
Міліцыянт Руслан Сініцын (на фота), які ня ўзяў адбіткі пальцаў у Дзьмітрыя Канавалава, выйшаў на волю. Пра гэта распавёў віцебскі актывіст апазыцыі Барыс Хамайда. «Наколькі мне вядома ад надзейнай крыніцы, годнай даверу, Руслан Сініцын выйшаў на волю па апошняй амністыі. Цяпер ён знаходзіцца дома ў Віцебску. Іншых падрабязнасьцяў пакуль няма», - сказаў ён.
«Апошнімі днямі вакол КДБ адбываецца шмат падазроных падзеяў. Сьмерць палкоўніка Аляксандра Казака, адстаўка Вадзіма Зайцава, цяпер - выбух. Але усё зачынена, пра ўсе гэтыя падзеі інфармацыі мізэр, таму тут могуць быць толькі здагадкі», - сказаў у інтэрвію сайту charter97.org сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД), палітвязень Павал Севярынец.
Уладзе цяпер трэба як мага больш запалохаць народ і зьняць зь сябе падазрэньні, лічыць былы палітвязень. Сяргей Каваленка ўпэўнены, што за выбухам у Віцебску стаяць беларускія спэцслужбы: «Я лічу, што ўсе выбухі ў Беларусі - гэта работа КДБ. І гэты тэракт - зьвяно таго ж самага ланцуга. Гэткімі выбухамі ўлады перасьледуюць некалькі мэтаў. Адна зь іх - гэта адцягнуць увагу людзей ад байкоту псэўдавыбараў у псэўдапарлямэнт, які прайшоў нядаўна».
Тэлефонны хуліган затрыманы праваахоўнымі ворганамі празь некалькі гадзін пасьля свайго тэлефанаваньня ў міліцыю пра нібыта замінаваны віцебскі холадакамбінат, паведаміў начальнік аддзяленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкаму Андрэй Семяніхін.
Па справе выбуху каля КДБ у Віцебску затрыманым застаецца адзін чалавек. Астатніх падазраваных сьледчыя Сьледчага камітэту адпусьцілі. Пра гэта паведамляе агенцтва «Інтэрфакс-Захад».