Прадстаўнікі партыяў і грамадзкіх арганізацыяў Віцебску вырашылі адзначыць ўгодкі Ўладзімера Караткевіча – сабраліся 26 лістапада каля помніку славутаму пісьменьніку. Чытаньне вершаў і выступы аматараў творчасьці пісьменьніка міліцыя расцаніла як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Прысутным давялося разыходзіцца перад пагрозай быць затрыманымі.
За пяць дзён да адкрыцьця заплянаванай выставы вядомага мастака Аляксея Марачкіна (Алеся Мары) ў ВДУ імя Машэрава кіраўніцтва мастацка-графічнага факультэту адмовіла ў яе правядзеньні. Адкрыцьцё выставы Аляксея Марачкіна «Вяртаньне» мелася адбыцца 30 лістапада.
У ноч з 25 на 26 лістапада каля аўтастрады ўздоўж віцебскага мікрараёну на лініі электраперадач зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг. Паводле апазыцыянэра Барыса Хамайды, які спасылаецца на вартыя даверу крыніцы, да сьцягу была прымацаваная цыдулка.
Віцебская абласная пошта дасылае беларускамоўныя тэлеграмы, запісваючы іх пры дапамозе расейскага альфабэту. Такую тэлеграму атрымаў грамадзкі актывіст Ільля Заранок.
Віцебскі аблвыканкам мае намер выходзіць на відэасувязь з жыхарамі вобласьці для вырашэньня іх надзённых праблем. Пра гэта журналістам пасьля наўпроставай тэлефоннай лініі з жыхарамі рэгіёну паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец.
У «Славянскім маршы», што прайшоў 25 лістапада ў Магілёве, узяў удзел былы прэтэндэнт у прэзыдэнты зь Віцебску Сяргей Рыжоў. Ён вылучаў сваю кандыдатуру на выбары 2010 году, але за два месяцы да іх зьняўся. Падчас магілёўскай акцыі Рыжоў заявіў, што «зараз славянскія дзяржавы разьдзеленыя, што адмоўна ўплывае на жыцьцё і дабрабыт народаў».
У Віцебску на сьценах дамоў і гаражоў зьявіліся трафарэтныя графіці сацыяльна-палітычнага зьместу. Так, адно з пасланьняў мінакам катэгарычна сьцьвярджае: «Бухают рабы».
У Віцебску адбылася інфармацыйная сустрэча праваабарончага праекту “ГейБеларусь”. З прычыны бясьпекі сустрэча ладзілася ў закрытым рэжыме. Але здымачнай групе парталу Dyjalog.info дазволілі ладзіць відэаздымкі - з умовай, што ў поле зроку відэакамэры ня трапяць тыя, хто хоча захаваць сваю ананімнасьць.
Каардынатарка віцебскага абласнога аргкамітэту БХД Тацьцяна Севярынец 23 лістапада падала дакумэнты ў Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Віцбскага аблвыканкаму на рэгістрацыю абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Хрысьціянскія дэмакраты Віцебшчыны”. Яна таксама паведаміла, што на ўладальніка памяшканьня, у якім плянуецца зарэгістраваць арганізацыю, ціснулі з мэтай змусіць яго адмовіцца даць памяшканьне.