30 студзеня сябры ГА "БАЖ" сустрэліся для супольнага абмеркаваньня шырокага кола праблемаў. Калегі разважалі пра аспэкты ўзаемадзеяньня НДА зь мясцовымі ўладамі, пра асаблівасьці працы журналістаў, што зьявіліся ў сувязі са зьменамі ў Законе аб СМІ, пра пэрспэктыўныя пляны дзейнасьці ў 2015 годзе. А таксама вучыліся, якім чынам можна палепшыць напаўненьне мясцовых інтэрнэт-сайтаў за кошт якасных фотарэпартажаў.
Тэмы сфэры ЖКГ пераважалі 31 студзеня сярод зваротаў грамадзян да старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандра Ацясава падчас наўпроставай тэлефоннай лініі. За тры гадзіны на простую лінію паступіла 25 тэлефанаваньняў, было агучана 28 праблемных пытаньняў.
«Ашуканства і хлусьня сталі звычайнымі ў стасунках паміж простым беларусам і чыноўнікам», – упэўнены віцебскі блогер і праваабаронца Валер Місьнікаў. У сваім блогу ў Жывым часопісе ён на канкрэтных прыкладах паказвае, як працуе дзяржаўная «машына» супраць інтарэсаў простага чалавека. Апошні допіс блогера прысьвечаны працы судовай сыстэмы.
Сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў паскардзіўся на чыноўнікаў адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску ў аблвыканкам і гарадзкую пракуратуру. На думку скаржніка, чыноўнікі груба парушылі закон, таму ён прасіў прыцягнуць іх да адказнасьці. Аблвыканкам пакінуў скаргу Дзяржаўцава без разгляду па сутнасьці, а пракуратура паспрабавала абмежавацца фармальнай адпіскай.
Ігар Аліневіч зноў кінуты ў ШЫЗА. Гэта, як мінімум, пятае пакараньне карцэрам за апошнія паўгода, што ён правёў у калёніі "Віцьба". Пра тое, што Ігар Аліневіч зноў знаходзіцца ў ШЫЗА, паведаміла яго маці - Валянціна Аліневіч.
На прадпрыемствах полацкага рэгіёну скарачаюць выдаткі на сацыяльныя выплаты, пачынаюцца затрымкі ў выплаце заробкаў. На ААТ «Полацак-Шкловалакно» 19 студзеня ў сувязі са складаным фінансавым становішчам у два разы паменшылі выдаткі на культурна-масавыя і спартовыя мерапрыемствы для работнікаў, прыпыненая выплата сацыяльнага пакету.
Невядомыя зламысьнікі ўзламалі блог «Вольная зона Беларусь», які вядзе ў «Жывым часопісе» віцебчук Сяргей Белязека. Цягам двух сутак аўтар ня мог зайсьці на свой сайт. І толькі ўмяшаньне адміністрацыі «Жывога часопісу» дапамагло вырашыць праблему: праца блогу была адноўленая.
Праваахоўныя органы выявілі ў 2014 годзе 13 злачынстваў карупцыйнай і эканамічнай накіраванасьці, у тым ліку 7 злачынстваў, зьвязаных са злоўжываньнем уладай або службовымі паўнамоцтвамі, 2 крадзяжы праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі і 4 факты парушэньня правілаў аб зьдзелках з каштоўнымі мэталамі і камянямі, паведаміла старшы памочнік пракурора раёну Ірына Тарасевіч.
Зьніжэньне даверу да міліцыі назіраецца па ўсёй Беларусі. У 2014 годзе ў Віцебскай вобласьці сярэдні ўзровень поўнага даверу насельніцтва да міліцыі зьнізіўся з 36,2% да 35,5% і дасягнуў узроўню 2011 году.