Полацкі раённы выканаўчы камітэт 12 лютага забараніў рабочым заводу «Шкловалакно» публічна выказаць сваё меркаваньне наконт новых патрабаваньняў Дэкрэту нумар пяць. Пра гэта пісьмова паведаміў намесьнік старшыні выканкаму Пётар Пяткевіч арганізатарам пікету. Адмова абгрунтоўваецца тым, што заяўнікамі «не былі заключаныя дамовы» зь міліцыяй і гарадзкім шпіталем.
Полацкі райвыканкам адмовіў у правядзеньні публічнага мерапрыемства жыхарам Полацку. Грамадзяне прасілі мясцовую ўладу дазволіць правядзеньне пікету 30 сьнежня для прыцягненьня ўвагі да стварэньня Таварыства абароны спажыўцоў, якога няма ў Полацку. 9 лютага суд Полацку не знайшоў у дзеяньнях райвыканкаму па забароне пікету парушэньняў закону.
Ізноў у Віцебску не адбыліся пікеты, заяўкі на правядзеньне якіх падавалі мясцовыя апазыцыянэры. Чыноўнікі раённых адміністрацыяў гораду патлумачылі свае рашэньні пра забароны пікетаў стандартна: арганізатары акцыяў ня выканалі рашэньне гарвыканкаму пра дамовы на абслугоўваньне акцыяў са службай ЖКГ, міліцыянтамі і мэдыкамі. Апошнія ж ад заключэньня неабходных дамоваў ізноў ухіліліся...
ААТ «Нафтан» пазбаўляецца ад сацыяльных аб'ектаў, якія засталіся ва ўласнасьці прадпрыемства. Гораду ўжо перададзеныя два апошнія дзіцячыя садкі, на чарзе «Ленінец», дзевяць інтэрнатаў, паліміраўская паліклініка і многае іншае.
Праваабаронца Павал Левінаў атрымаў паведамленьне пра тое, што скарга распаўсюдніка газэты «Віцебскі кур'ер» Міхаіла Жураўлёва зарэгістраваная. Упраўленьне Вярхоўнага Камісара па правох чалавека ААН праінфармавала пра рэгістрацыю пад нумарам 2495/2014 пададзенага на разгляд КПЧ паведамленьня згодна з Факультатыўным пратаколам да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.
Заробкі супрацоўнікам на 1 лютага ня выплацілі 77 прадпрыемстваў Віцебскай вобласьці, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Сярод даўжнікоў перад работнікамі - ААТ "Клясыка індустрыі моды", ААТ "Сьцяг індустрыялізацыі", камбінат ядвабных тканін, завод "Эвістар", прадпрыемства вылічальнай тэхнікі і інфарматыкі (Віцебск), Гарадоцкі льнозавод, прадпрыемства "Салодкая краіна" (Ворша), ААТ "Купцовъ" (Глыбокае), цэлы шэраг сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у раёнах вобласьці.
На наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе "Нафтан" не плянуюць павышаць заробкі пэрсаналу як мінімум у найбліжэйшыя паўгоду. Пра гэта паведаміў гендырэктар прадпрыемства Ўладзімер Трацьцякоў, адказваючы на пытаньні работнікаў заводу.
На 1 студзеня бягучага году 996 замежных грамадзян і 94 асобы без грамадзянства, якія атрымалі дазвол на сталае пражываньне ў Рэспубліцы Беларусь, стаяць на ўліку ў аддзяленьні па грамадзянстве і міграцыі Віцебскага РАУС, паведаміла начальнік падразьдзяленьня Вольга Ткачонак.
Пра гэта паведаміла чытачка сайту charter97.org Алена Рызо. Яе бацька-пэнсіянэр жыве ў доме па вуліцы Чарняхоўскага, 12 у Віцебску, спраўна плаціць за капітальны рамонт дому, а рамонту, як такога, усё няма і няма.