Ігар Аліневіч зноў кінуты ў ШЫЗА. Гэта, як мінімум, пятае пакараньне карцэрам за апошнія паўгода, што ён правёў у калёніі "Віцьба". Пра тое, што Ігар Аліневіч зноў знаходзіцца ў ШЫЗА, паведаміла яго маці - Валянціна Аліневіч.
"Ад Ігара на працягу месяцу няма ні лістоў, ні тэлефанаваньняў, таму я сёньня наважылася сама патэлефанаваць дзяжурнаму па калёніі. Імаверна, я засьпела яго зьнянацку, і ён адразу паведаміў мне, што Ігар знаходзіцца ў ШЫЗА. Нават не рабіў выгляду, што ня ведае, хто гэта. Звычайна на такія званкі адразу не адказваюць, просяць ператэлефанаваць праз пэўны час, абяцаюць высьветліць", - сказала яна.
Пра афіцыйныя прычыны чарговага пакараньня Ігара Аліневіча маці нічога не вядома.
Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня нібыта "за хуліганскія дзеяньні што да афіцыйных будынкаў". Сваёй віны палітвязень не прызнаў. Раней ён адбываў пакараньне ў калёніі ў Наваполацку, якая ўважалася за самую дрэнную паводле экалёгіі. На пачатку году была прынятая пастанова аб яе расфармаваньні. У сярэдзіне ліпеня стала вядома, што Ігар Аліневіч этапаваны ў калёнію "Віцьба". А ўжо празь невялікі час на палітвязьня пачаўся моцны ціск і ён правёў цэлы месяц у ШЫЗА.
Ігар Аліневіч прызнаны палітвязьнем міжнароднай і беларускай праваабарончай супольнасьцю.
charter97.org