Абвяшчэньне выраку ў дачыненьні да Вольгі Сьцяпанавай судзьдзя Юры Урбан пачаў 7 верасьня а 14:20 у Чыгуначным райсудзе Віцебску. Вэрдыкт судзьдзі – 6 месяцаў абмежаваньня волі ў калёніі-пасяленьні за прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці. Падсуднай была зьмененая мера стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, і яна была вызваленая з-пад варты ў залі суду.
4 верасьня старшы сьледчы трэцяга сьледчага аддзяленьня Віцебскага гарадзкога аддзелу Сьледчага камітэту К. Казімірская выклікала па тэлефоне лекара-псыхіятра Ігара Пастнова на допыт у межах крымінальнай справы, распачатай паводле часткі 1 артыкулу 400 КК – «заведама фальшывы данос аб зьдзяйсьненьні злачынства». З габінэту сьледчага лекара-псыхіятра прымусова адправілі ў «Навінкі» для праходжаньня стацыянарнай псыхіятрычнай экспэртызы.
Хлопцы, якія абвінавацілі віцебскі АМАП у зьбіцьці, атрымалі штрафы ад 5 да 15 базавых велічынь. Такое рашэньне вынес 24 жніўня суд Першамайскага раёну абласнога цэнтру. Працэс па гэтай адміністратыўнай справе пад старшынствам судзьдзі Натальлі Караблінай ішоў зь перапынкамі з 8 жніўня, піша Tut.by.
Група навучэнцаў і выкладчыкаў гімназіі нямецкага Нінбургу дапамагае ў добраўпарадкаваньні тэрыторыі колішняга Віцебскага гета і іншых знакавых для габрэйскай грамады мясьцін, паведаміў дырэктар СШ №21 Сяргей Зыбін.
Алеся Фурс (Умпіровіч) памерла на 92-м годзе жыцьця. У часе вучобы ў Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі Алеся ўступіла ў Саюз беларускіх патрыётаў. 25 сакавіка 1946 году для цырымоніі прысягі сяброў арганізацыі на вернасьць Беларусі намалявала «Пагоню».
«Дзеяньні вашы слушна кваліфікаваныя паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП... Падставаў да адмены, зьмены пастановаў ня маецца», – такую выснову зрабіў старшыня абласнога суду Мікалай Хамічонак, разгледзеўшы наглядную скаргу праваабаронцы Леаніда Сьвеціка, пакаранага 15-цю суткамі адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мерапрыемствах, што прайшлі ў Віцебску 25 і 26 сакавіка.
У Полацку сталі затрымліваць выплату пэнсіяў на карт-рахункі банкаў. Так, Прыёрбанк затрымаў выплату пенсіі на два дні. Пэнсіянеры, якія атрымлівалі пэнсію 7-га чысла, у жніўні атрымалі толькі 9-га. Работнікі банку кажуць, што полацкая Ўправа па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне не падала сьпісаў на выплату пэнсіяў.
«Віцебская вясна» працягвае знаёміць чытачоў з умовамі знаходжаньня ў ізалятарах часовага ўтрыманьня. Журналіст Арцём Сізінцаў асьвятляў веснавыя акцыі пратэсту і суды над іх удзельнікамі ня толькі ў сваёй роднай Воршы, але і ў Магілёве, і ў Віцебску. Супрацоўнікі праваахоўных органаў ацанілі актыўнасьць рэпартэра – ён быў затрыманы 25 сакавіка за Дзень Волі ў Віцебску. Суд прызначыў Арцёму 10 сутак арышту.
Пра тое, што палітвязень Міхаіл Жамчужны знаходзіцца ў карантыне ПК №9 (г. Горкі Магілёўскай вобласьці), віцебскія праваабаронцы даведаліся з атрыманага імі надоечы кароткага ліста. Гэта ўжо трэцяя па ліку папраўчая калёнія, у якой даводзіцца адбываць пакараньне вязьню сумленьня.
11 ліпеня ў судзе Глыбокага завяршыўся разбор крымінальнай справы пра незаконную міграцыю, у арганізацыі якой абвінавачваліся грамадзянін Вялікай Брытаніі Алан Сьміт і двое грамадзян Беларусі. Судзьдзя перакваліфікаваў абвінавачаньне ў дачыненьні да англічаніна з часткі 2 артыкулу 371¹ КК на больш мяккую частку 1 і прысудзіў яго да двух гадоў зьняволеньня ва ўмовах агульнага рэжыму.