4 верасьня старшы сьледчы трэцяга сьледчага аддзяленьня Віцебскага гарадзкога аддзелу Сьледчага камітэту К. Казімірская выклікала па тэлефоне лекара-псыхіятра Ігара Пастнова на допыт у межах крымінальнай справы, распачатай паводле часткі 1 артыкулу 400 КК – «заведама фальшывы данос аб зьдзяйсьненьні злачынства». З габінэту сьледчага лекара-псыхіятра прымусова адправілі ў «Навінкі» для праходжаньня стацыянарнай псыхіятрычнай экспэртызы.
Што адбывалася далей – распавядае Ігар Пастноў.
– Спачатку я знаходзіўся ў Сьледчым камітэце Віцебску, адкуль мяне адправілі на стацыянарную псыхіятрычную экспэртызу ў Менск; цяпер я вяртаюся дадому. Я катэгарычна адмовіўся ад стацыянарнай экспэртызы – мне правялі амбуляторную экспэртызу і адпусьцілі дадому.
Сьледчая Казімірская выклікала мяне на допыт па тэлефоне. Я прыйшоў. Чакалі, пакуль вызваліцца адвакат...
У габінэце сьледчай мне стала кепска: падскокнуў. Я папрасіў выклікаць «хуткую» – мне адмовілі. Замест хуткай выклікалі міліцыю, а міліцыя надзела кайданкі ды зацягнула ў машыну – і павезьлі на Менск. Праўда, у машыне кайданкі зьнялі. Склалі пратакол за непадпарадкаваньне міліцыі – за тое, што не прайшоў у машыну. Дык я і ня мог прайсьці ў машыну: дрэнна сябе адчуваў, мне абавязаныя былі выклікаць лекараў. Прасіў кнігу скаргаў – таксама ня выдалі.
Заўтра з раніцы мяркую заявіцца ў Сьледчы камітэт і напісаць скаргу на сьледчую, каб яе пакаралі за грубыя парушэньні.
– Да якіх высноваў прыйшлі лекары ў «Навінках»?
– Высновы будуць толькі празь месяц.
Але я цалкам адэкватны, а не падпарканны бомж. Экспэртыза, праведзеная ў Віцебску, не знайшла ў мяне псыхічных захворваньняў і рэкамэндавала стацыянарнае назіраньне.
Проста я напісаў у генпракуратуру скаргу з просьбай разабрацца ў гісторыі аднаго хлопца, якога «зачынілі» ў СІЗА. Я нават не прасіў пакараць кагосьці канкрэтна, а прасіў разабрацца ў сытуацыі – і выклаў усё ў інтэрнэт. А супраць мяне за гэта распачалі крымінальную справу паводле артыкулу «заведама фальшывы данос аб зьдзяйсьненьні злачынства». Нікому нічога я не даносіў.
– Сёньня адбыўся значны прэцэдэнт, – камэнтуе сытуацыю прадстаўніца «Пляцформы» Алеся Садоўская, якая ў 2014 годзе прымусова ўтрымлівалася ў экспэртным стацыянары. – Ігару Пастнову правялі амбуляторную экспэртызу замест стацыянарнай празь яго катэгарычную адмову шпіталізавацца ў прымусовым парадку. У 2014 годзе, нягледзячы на мае тры пісьмовыя адмовы, у 25-м закрытым экспэртным аддзяленьні ў «Навінках» мяне пратрымалі 10 дзён, а ў 2016 годзе – у 30-м аддзяленьні мяне пратрымалі супраць волі ўжо 5 тыдняў. Чаму ў экспэртаў розны падыход да падэкспэртных?
belprauda.org