Напрыканцы жніўня пачаў працаваць сайт газэты “Вітебскіе весті”, заснавальнікам якой зьяўляецца Віцебскі аблвыканкам. Сайт зьмяшчае публікацыі з папяровай газэты, а таксама публікуе PDF-вэрсію выданьня. Вэб-рэсурс вылучаецца высокім узроўнем дызайну. Штодня ен публікуе 5-6 навінаў. Аднак чытачоў пакуль што вобмаль: рэдка які матэрыял набірае больш за 100 праглядаў.
Абвінавачаная ў зьдзяйсьненьні выбуху каля будынку КДБ у Віцебску 42-гадовая мясцовая жыхарка прызнала сваю віну ў судзе і распавяла пра матывы, якія штурхнулі яе на гэты ўчынак. Паводле ейных слоў, такім чынам жанчына хацела пасеяць паніку сярод супрацоўнікаў КДБ, бо лічыла, што яны нядбала паставіліся да пошуку хуліганаў, якія некалькі гадоў таму ўчынілі выбух у пад’езьдзе яе дому.
Віцебскі лекар Ігар Пастноў сёньня выйшаў на свабоду. Урачэбна-кансультацыйная камісія Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі, у якiм Ігар Пастноў утрымліваўся гвалтоўна, прыняла рашэньне аб пераводзе яго на дзённы стацыянар. Ён па-ранейшаму мусіць праходзіць мэдычныя працэдуры, але начаваць будзе дома.
Віцебская абласная пракуратура адмовіла актывісту Сяргею Рыжову (на фота) ва ўзбуджэньні крымінальнай справы на падставе яго заявы пра факты ціску на лекара Ігара Пастнова, зьмешчанага на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне.
Нагадаем чытачам пра лёс праўдалюба ад мэдыцыны. Ігар Аляксеевіч скончыў мэдычны інстытут з чырвоным дыплёмам, працаваў участковым пэдыятрам. Да 2008 года ў яго працоўнай кніжцы толькі падзячныя запісы за добрую працу. Але як толькі Ігар Пастноў загаварыў услых пра хваробы віцебскай аховы здароўя, стаў ізгоем у сыстэме Міністэрства аховы здароўя.
17 верасьня праваабаронца Пётар Іваноў наведаў доктара Ігара Пастнова у Віцебскім абласным клінічным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі, дзе той знаходзіцца на прымусовым лячэньні. Спадар Іваноў паведаміў, што напярэдадні яго візыту ў шпіталь адбылося паседжаньне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі, якая зьменшыла апальнаму доктару дозу нэўралептыкаў. Згодна з заключэньнем камісіі, неўзабаве Ігар Пастноў можа быць пераведзены на дзённы стацыянар.
У сувязі зь вялікай затрымкай выплаты заробкаў на ААТ «КІМ» 10-11 верасьня на прадпрыемстве адбыліся хваляваньні работнікаў. Як паведаміла «Народным навінам Віцебска» крыніца на фабрыцы, яшчэ ня выплачаная заработная плата за ліпень, а некаторым катэгорыям работнікаў - за чэрвень. 10 верасьня адмовілася працаваць другая зьмена аднаго з цэхаў, а 11 верасьня - першая.
Касацыйная скарга віцебскага лекара Ігара Пастнова наконт накіраваньня яго на прымусовае лячэньне ў абласны цэнтар псыхіятрыі і наркалёгіі пакінутая без задавальненьня, паведаміў мясцовы праваабаронца Леанід Сьвецік. Скарга была разгледжаная 12 верасьня Віцебскім абласным судом у закрытым рэжыме. Пастноў прасіў адмяніць рашэньне суду Віцебскага раёну і запрасіць яго на разгляд уласнай скаргі. Абедзьве просьбы задаволеныя не былі.
Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну Віцебску забараніла актывісту КХП-БНФ Яну Дзяржаўцаву праводзіць пікет на знак пратэсту супраць разьмяшчэньня вайсковых баз Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Пікет мусіў адбыцца 14 верасьня. Прычына забароны пікету – заяўнік ня выканаў умоваў рашэньня гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску».
9 верасьня віцебскі актывіст Сяргей Рыжоў атрымаў падпісаную лекарамі віцебскага абласнога псыхіятрычнага шпіталя даверанасьць прадстаўляць інтарэсы лекара Ігара Пастнова, зьмешчанага на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Але празь некалькі гадзінаў яму паведамілі, што забараняюць сустракацца з Пастновым.