Студэнты Віцебскага дзяржаўнага станкаінструмэнтальнага каледжу зьбіраюць подпісы пад зваротам да прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, у якім яны просяць захаваць спортпляцоўкі, што належыць іх навучальнай установе. На месцы спартыўнай пляцоўкі каледжу Віцебскі гарвыканкам мае намер зрабіць аўтастаянку.
30 лістапада, у гадавіну вынясеньня сьмяротнага прысуду Ўладзіславу Кавалёву і Дзьмітрыю Канавалаву, Ірына Багданава, Лера Красоўская і Любоў Кавалёва заклікалі сусьветную грамадзкасьць аб’яднацца і патрабаваць вярнуць цела Ўладзіслава Кавалёва яго сям’і. Відэазварот ад імя трох жанчын быў выпушчаны ў рамках кампаніі Любові Кавалёвай “Вярніце цела”, якую яна распачала на глябальнай пляцформе Change.org.
1 сьнежня ў Віцебскай вобласьці пройдзе суботнік. Жыхары вобласьці маюць заняцца прыборкай населеных пунктаў і навядзеньнем парадку на зямлі. Грашовыя сродкі, заробленыя ў гэты дзень на працоўных месцах, маюць быць накіраваныя на мадэрнізацыю вытворчай галіны, паляпшэньне ўмоў працы і побыту супрацоўнікаў прадпрыемстваў.
Грамадзянская кампанія «Наш дом» прааналізавала блізу 100 сьвежых вакансіяў з базы дадзеных Віцебскай службы занятасьці (за 27-28 лістапада). Вынік дасьледаваньня: сярэдняя зарплата па 98 вакансіях склала ўсяго 264 даляра - 2 млн. 270 тыс. рублёў. Не нашмат вышэй за ўзровень сярэдняй пэнсіі ў Беларусі.
Высяленьнем царквы «Новае жыцьцё» рэжым шантажуе амэрыканскіх пратэстантаў, лічыць палітык. «Спробы выселіць “Новае жыцьцё” незаконныя і антыграмадзкія. Царква набыла кароўнік ў жахлівым стане і зрабіла зь яго выдатны малітоўны будынак. І зараз у яе забіраюць гэта памяшканьне, не прапаноўваючы ніякай годнай кампэнсацыі.
Віцебскія аматары прыгожага пісьменства і сьпеваў атрымалі цудоўны падарунак – 27 лістапада ў абласной бібліятэцы прайшла сустрэча зь беларускім паэтам і эсэістам Леанідам Дранько-Майсюком і паэтам, бардам Эдуардам Акуліным. Гэткай жа кампаніяй яны прыяжджалі ў Віцебск і пяць год таму.
28 лістапада кіраўнік Беларускай фэдэрацыі біятлёну і былы кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў правёў выязную нараду па пытаньнях разьвіцьця біятлёну ў Віцебскай вобласьці.
Затрыманы 8 лістапада наваполацкі актывіст Андрэй Гайдукоў знаходзіўся пад вартай у менскім СІЗА КДБ паводле абвінавачаньня ў здрадзе дзяржаве. Маці затрыманага паведаміла, што яго пераводзяць зь Менску ў Віцебск, але прычыны ёй не вядомыя.
Ворганы ўнутраных спраў Віцебшчыны плянуюць павялічыць на вуліцах гарадоў колькасць відэакамэр. Гэта істотна дапаможа ў прафіляктыцы і расьследаваньні правапарушэньняў. Цяпер адпаведнае абсталяваньне зь відэафіксацыяй ўсталяванае ў Віцебску толькі на плошчы Перамогі.