У Маскве завяршылася праца 20-й Міжнароднай выставы прадуктаў харчаваньня, напояў і сыравіны для іх вытворчасьці «Прадэкспа-2013». На працягу працоўнага тыдня – з 11 па 15 лютага – сваю прадукцыю дэманстравалі звыш за 2250 кампаніяў з 63 краін свету. Удзел у выставе ўзялі і 70 прадпрыемстваў зь Беларусі, не на апошнім месцы сярод якіх былі вытворцы Віцебшчыны.
16 лютага каля апоўдня ў Віцебску былі затрыманыя сябры БХД Стас Лаўрэнаў і Аляксей Кішчук. Іх затрымалі ў цэнтры гораду ля Плошчы Свабоды пасьля таго, як яны вывесілі расьцяжку “Свабоду палітвязьням”. Пра гэта паведаміла віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні БХД Тацьцяна Севярынец.
Дырэктар ТРК «Віцебск» Анатоль Камовіч падзякаваў старшыні Віцебскай абласной рады партыі БНФ Леаніду Аўтухову: «Вялікі дзякуй Вам за ўвагу да этэру нашай тэлерадыёкампаніі. Ваша прапанова вельмі слушная, але ж стварэньне новых праектаў у гэтым годзе кампаніяй не заплянаванае з прычыны недахопу фінансавых сродкаў». Гэтак галоўны тэлевізійнік Віцебшчыны адказаў на зварот мясцовага лідэра БНФ з прапановай аб стварэньні праграмы грамадзка-палітычнага накірунку.
Згодна з вынікамі галасаваньня, якое праводзіла інтэрнэт-выданьне “Народныя навіны Віцебска”, Чалавекам году Віцебску-2012 абралі Любоў Кавалёву — маці асуджанага за тэракт у менскім мэтро і растралянага ў сакавіку 2012 году Ўладзіслава Кавалёва.
Уладзімер Арлоў прэзэнтаваў у Віцебску свае кнігі «Сьвецяцца вокны, ды нікога за імі», «Пакуль ляціць страла», «Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя», «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя», а таксама аўдыёвэрсію кнігі «Імёны Свабоды».
Гаспадарчы суд Віцебскай вобласьці завёў уліковыя запісы ў сацыяльных сетках для пошуку даўжнікоў. Неплацельшчыкам адпраўляюць паведамленьні пра запазычанасьці, памерах доўгу і інфармуюць пра пачатак у дачыненьні да іх выканаўчых вытворчасьцяў.
Пракурор Першамайскага раёну Віцебску старшы дарадца юстыцыі Юры Раманоўскі, разгледзеўшы матэрыялы праверкі па факце прычыненьня цялесных пашкоджаньняў сябру партыі БНФ Аляксею Гудзіліну (на фота), прыняў пастанову аб узбуджэньні крымінальнай справы паводле артыкулу 153 КК.
Па выніках 2012 году ўзровень поўнага даверу насельніцтва да міліцыі зьнізіўся ў 17-ці раёнах Віцебскай вобласьці і ў самім абласным цэнтры. У цэлым па вобласьці гэты паказчык упаў з 35,5% да 34,9%. Рост даверу насельніцтва да міліцыі, паводле інфармацыі, апублікаванай на афіцыйным сайце УУС Віцебскага аблвыканкаму, адзначаны толькі ў чатырох раёнах і ў гарадох Наваполацку і Полацку.
Камітэт па правох чалавека ААН зарэгістраваў скаргу віцебскай каардынатаркі аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Тацьцяны Севярынец. Нагодай для звароту ў КПЧ ААН стала рашэньне суду Кастрычніцкага раёну Віцебску паўтарагадовай даўнасьці, згодна зь якім актывістка нібыта парушыла закон аб масавых мерапрыемствах, за што была пакараная штрафам у памеры 20 базавых велічынь.
Маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва атрымала з упраўленьня Вярхоўнага Камісара паведамленьне пра тое, што яны чакаюць да 3 ліпеня бягучага году ад беларускага ўраду інфармацыі аб прынятых мерах па выкананьні рашэньня Камітэту па правох чалавека ААН па справе яе сына.