Згодна з вынікамі галасаваньня, якое праводзіла інтэрнэт-выданьне “Народныя навіны Віцебска”, Чалавекам году Віцебску-2012 абралі Любоў Кавалёву — маці асуджанага за тэракт у менскім мэтро і растралянага ў сакавіку 2012 году Ўладзіслава Кавалёва.
Гэтая жанчына не пакінула змагацца за свайго сына і пасьля выкананьня прысуду. Зараз яна дамагаецца выдачы цела растралянага Ўладзіслава Кавалёва, дагэтуль ёй вярнулі нават ня ўсе яго асабістыя рэчы.
У сёлетнім галасаваньні ўзялі ўдзел 839 чалавек. За Любоў Кавалёву было аддадзена 293 галасы, і, такім чынам, яна набрала 35%. На другім месцы апынуўся вядомы віцебскі актывіст Сяргей Каваленка, які атрымаў 24% галасоў.
“Народныя навіны Віцебска” вызначылі найвыбітнейшую асобу гораду пяты раз. У ранейшыя гады званьнем “Чалавек года Віцебску” былі ўганараваныя бізнэсмэн і культурны дзеяч Гарык Аганджанян (2011), студэнтка ЭГУ Кася Сьцяпанава (2010), старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец (2009 год), “Міс Беларусь” Вольга Хіжынкова (2008 год).
«Я ведаю, што не адна. А калі ты не адзін, калі з табой народ, лягчэй пераносіць боль страты, - пракамэнтавала Любоў Іванаўна яе абраньне чалавекам году. - У тым, што чытачы прагаласавалі за мяне, я бачу велізарную салідарнасьць. І я вельмі ўдзячная людзям за тое, што яны заўсёды падтрымліваюць мяне - словамі ўдзелу, учынкамі. І вынікі гэтага галасаваньня - гэта таксама падтрымка».
Маці Ўладзіслава Кавалёва прызналася, што дагэтуль ня верыць, што яе сына няма ў жывых: «17 студзеня ва Ўлада быў дзень народзінаў, яму магло б споўніцца 27 гадоў. Сабраліся суседзі, сябры. Быў вечар памяці. Але я ня ведаю дакладнай даты яго расстрэлу… Таму маё сэрца не прызнае гэтай страты… Разумееце, гэта вельмі страшна, калі дзяржава можа вось так умяшацца ў лёс чалавека, пазбавіць яго жыцьця. Многія людзі ня вераць у тое, што мой сын быў здольны на такое… Вельмі шкада, што на судзе было мала слухачоў, хоць справа мела велізарны рэзананс. Але тыя, хто там прысутнічаў, адзначалі, што гэта быў крывавы спэктакль, з кучай нестыковак. Мне здаецца, што гэты працэс, шыты белымі ніткамі, быў наладжаны для застрашваньня насельніцтва».
«Цяпер я жыву дзеля дачкі і дзеля памяці сына. Хаджу на працу, кіраўніцтва і ўсе навакольныя людзі ставяцца да мяне з разуменьнем. Але я дагэтуль не магу заставацца адна. Мне трэба ўвесь час быць зь людзьмі, тады я неяк адцягваюся ад сваіх думак», - дзеліцца Любоў Кавалёва.
Народныя навіны Віцебска