Маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва, абвінавачанага ў тэрарызьме пасьля выбуху ў менскім мэтро, хоча ведаць падрабязнасьці пра апошнія хвіліны сына, якога лічыць неправасудна пакараным сьмерцю. Яна спрабуе высьветліць, якая структура выканала сьмяротны прысуд, вынесены Вярхоўным судом у дачыненьні да яе сына.
Камітэтам па правох чалавека ААН за № 2235/2013 і № 2236/2013 зарэгістраваныя два новыя звароты праваабаронцы Паўла Левінава. У гэтых зваротах Павал Левінаў просіць камітэт прызнаць Рэспубліку Беларусь парушальнікам шэрагу артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.
Судзьдзя Першамайскага райсуду аштрафавала сябра КХП-БНФ на падставе міліцэйскага пратакола, дзе было напісана, што ўвечары 25 сакавіка Сяргей Каваленка быў “у стане алькагольнага ап’яненьня”, ды яшчэ “нецэнзурна выказваўся” і “размахваў рукамі”.
Сябар Беларускай асацыяцыі журналістаў з Гарадка Леанід Гаравы прыяжджаў 25 сакавіка на суд да віцебскіх актывістаў Леаніда Аўтухова і Кастуся Смолікава. Супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС забаранілі спадару Гаравому рабіць фотаздымкі.
Актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленку затрымалі ўвечары 25 сакавіка. Ноч ён правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Паводле актывіста, на яго склалі два пратаколы пра адміністрацыйнае парушэньне – спачатку за пераход вуліцы ў неналежным месцы, потым – за нецэнзурную лаянку. 26 сакавіка а 14:40 яго адпусьцілі з-пад варты ў будынку Першамайскага райсуду, выпісаўшы позву на наступнае судовае паседжаньне 29 сакавіка.
Старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец раскрытыкаваў будаўнічую галіну рэгіёну за марудныя тэмпы жыльлёвага будаўніцтва. Пра неабходнасьць рэарганізацыі галіны ён заявіў 26 сакавіка на чарговай сэсіі Віцебскага аблвыканкаму. “Будаўнічая індустрыя ня блішча па ўсіх напрамках. Неабходна кардынальна мяняць падыходы і патрабаваньні да гэтай галіны”, - лічыць губэрнатар.
Актывісты БХД і Партыі БНФ затрыманыя ў Віцебску каля будынку суду Кастрычніцкага раёну, дзе праходзіў працэс над актывістамі Партыі БНФ Кастусём Смолікавым і Леанідам Аўтуховым.
Праваабаронца Раман Кісьляк (на фота) зьвярнуўся да начальніка Кастрычніцкага РАУС Віцебску з заявай аб аднаўленьні правоў затрыманых 22 сакавіка сябраў партыі БНФ Леаніда Аўтухова і Кастуся Смолікава.