Па 20 базавых велічыняў штрафу прысудзілі віцебскім актывістам Яну Дзяржаўцаву і Віталю Каваленку. Іх абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету.
Трынаццатая абласная ваенна-спартовая гульня “Зарніца”, прысьвечаная 68-й гадавіне перамогі савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне, стартуе 16 траўня ў Віцебску, паведамілі ў Віцебскім абласным камітэце ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Удзельнікамі спаборніцтваў стануць каля 25 каманд па 7 чалавек кожная, якія прадстаўляюць установы адукацыі рэгіёнаў вобласьці. Дзеці паспаборнічаюць у марш-кідку зь перашкодамі (даўжыня дыстанцыі 1500-2000 м).
Старшыня пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандар Зазуля ад імя дэпутатаў – сябраў камісіі падзякаваў Леаніду Сьвеціку за праяўленую ім ініцыятыву і актыўную жыцьцёвую пазыцыю. У цяперашні час ідзе падрыхтоўка законапраекту «Аб унясеньні зьменаў у Выбарчы Кодэкс Рэспублікі Беларусь», і праваабаронца накіроўваў у парлямэнт прапанову аб тым, якія зьмены, на яго думку, варта зрабіць.
Правёўшы пяць сутак у Віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) за раздачу ўлётак з запрашэньнем на акцыю 25 сакавіка, абласны кіраўнік партыі БНФ Леанід Аўтухоў вымушаны быў зьвярнуцца да лекараў. Паводле палітыка, у ІЧУ ён быў дастаўлены зусім здаровым, а як выйшаў стуль, лекары паставілі яму дыягназ «інфэкцыйная ангіна». На думку Леаніда Аўтухова, інфэкцыю ён, найхутчэй, падчапіў у ІЧУ, таму папрасіў санстанцыю праверыць на адпаведнасьць санітарным нормам умовы ўтрыманьня грамадзян у ізалятары.
Пётар Іваноў абскарджваў пастанову судзьдзі Першамайскага райсуду Валянціны Кісьмярошкінай, якая пакарала яго штрафам у памеры 4 млн рублёў за нібыта лжэсьведчаньне супраць супрацоўнікаў ДАІ і непадпарадкаваньне міліцыянтам. На думку спадара Іванова, судзьдзя Кісьмярошкіна судзіла яго з грубымі парушэньнямі працэсуальна-выканаўчага кодэксу, і таму прасіў адмяніць яе рашэньне. Аднак судзьдзя віцебскага аблсуду вырашыла пакінуць пастанову суду першай інстанцыі ў сіле.
Палітвязень Павал Севярынец лічыць сьвята 9 траўня – сьвятам са сьлязамі ў вачох. Павал згодны з публіцыстам Алесем Чайчыцам, што 9 траўня – гэта “ідэалягічны кастыль для безыдэйных рэжымаў”.
Камітэтам па правох чалавека ААН за № 2239/2013 зарэгістраваны трэці ў гэтым годзе зварот праваабаронцы Паўла Левінава. У сваім звароце Павал Левінаў просіць камітэт прызнаць Рэспубліку Беларусь парушальнікам правоў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правох.
Каб скласьці пратакол на сябра КХП-БНФ Віталя Каваленку, супрацоўнікі міліцыі прыехалі да яго на працу. Копію пратаколу яму не ўручылі, сказалі, што вышлюць па пошце. Брата былога палітвязьня Сяргея Каваленкі абвінавачваюць у правядзеньні несанкцыянаванага пікету ў цэнтры Віцебску 26 красавіка.
Усьлед за віцебскім абласным кіраўніком партыі БНФ Леанідам Аўтуховым у міліцэйскі пастарунак быў выкліканы яго аднапартыец Кастусь Смолікаў. Там, як раней і на Аўтухова, на яго склалі пратакол аб парушэньні Закону аб СМІ. Актывістаў абвінавачваюць у тым, што была перавышаная дапушчальная законам колькасьць партыйнага бюлетэню «Магістрат», які яны раздавалі мінакам 22 красавіка.
Віцебская актывістка Антаніна Піванос працягвае сваё змаганьне ў судзе за тое, каб дзяржава выканала рашэньне Камітэту ААН па правох чалавека ў дачыненьні да яе. У адрозьненьне ад першага паседжаньня, што праходзіла пяцьцю днямі раней, 30 красавіка ў суд прыйшоў таксама прадстаўнік адказчыка – галоўнага ўпраўленьня Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці.