Усьлед за віцебскім абласным кіраўніком партыі БНФ Леанідам Аўтуховым у міліцэйскі пастарунак быў выкліканы яго аднапартыец Кастусь Смолікаў. Там, як раней і на Аўтухова, на яго склалі пратакол аб парушэньні Закону аб СМІ. Актывістаў абвінавачваюць у тым, што была перавышаная дапушчальная законам колькасьць партыйнага бюлетэню «Магістрат», які яны раздавалі мінакам 22 красавіка.
Згодна з заканадаўствам, наклад пэрыядычнага выданьня, калі яно не зарэгістраванае ўладамі, ня можа быць большым за 299 асобнікаў. Самі актывісты ня ведаюць, колькі асобнікаў выданьня ў іх канфіскавалі падчас затрыманьня, бо, паводле іх слоў, пры іх бюлетэні ніхто не лічыў.
Нагадаем, 22 сакавіка Леанід Аўтухоў і Кастусь Смолікаў раздавалі ў віцебскім гандлёвым цэнтры «Эвіком» улёткі з заклікам прыйсьці на мітынг, прымеркаваны да ўгодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР, а таксама бюлетэнь «Магістрат». Актывісты былі затрыманыя міліцыянтамі, а пазьней прызнаныя судом вінаватымі ў парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах ды пакараныя 5-дзённым арыштам.