Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, які адбывае пакараньне за Плошчу-2010 у Купліне, атрымаў трохдзённы адпачынак, падчас якога ён зможа наведаць Віцебск, дзе жывуць яго бацькі.
У пікеце, які прайшоў 26 красавіка ў цэнтры Віцебску, узялі ўдзел двое сяброў КХП-БНФ. Віталь Каваленка і Ян Дзяржаўцаў цягам прыкладна 30-ці хвілін стаялі ля помніку Машэраву з плякатамі «Будаваць АЭС бяз згоды народу можа толькі вораг Беларусі» і «Дыктатар! Пабудуеш Астравец – пажнеш Чарнобыль!» Мінакі спыняліся ля пікетоўцаў, задавалі ім пытаньні, рабілі фатаграфіі з дапамогай здымачоў мабільных тэлефонаў.
У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску адбылося папярэдняе судовае паседжаньне па грамадзянскім пазове Антаніны Піванос супраць галоўнага ўпраўленьня Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці. Актывістка патрабуе, каб, у адпаведнасьці з рашэньнем КПЧ ААН, ёй выплацілі грашовую кампэнсацыю маёмасьці, якая была канфіскаваная ў яе 25 сакавіка 2008 году, а таксама вярнулі суму штрафу, якім яе пакаралі незаконна.
Дванаццаць разоў АБЭЗ адмаўляў прафсаюзу РЭП ва ўзбуджэньні крымінальнай справы ў сувязі са шматмільённай нястачай, выяўленай на ААТ «Віцебскмясамалпрам», якую кіраўніцтва «павесіла» на работніц складу. На думку юрыста прафсаюзу РЭП Валера Місьнікава, улады заплюшчваюць вочы на відавочныя факты злачыннай дзейнасьці на прадпрыемстве.
Кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў выклікаецца ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску. Ён мусіць прыбыць 24 кастрычніка да супрацоўніка міліцыі С. Вераксы. Прычым, як вынікае з позвы, выклікаецца партыйны лідэр не па адміністрацыйнай, а па нейкай крымінальнай справе.
Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна забараніла партыі БНФ правядзеньне мітынгу, прымеркаванага да 27-х угодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Заяўку на правядзеньне мерапрыемства падаваў кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі Леанід Аўтухоў.
Судзьдзя Першамайскага райсуду Валянціна Кісьмярошкіна прызнала апазыцыянэра Пятра Іванова вінаватым у ілжэсьведчаньні на супрацоўніка міліцыі і ў непадпарадкаваньні міліцыянтам.
«У ходзе праведзенай праверкі фактаў грубых і непаважлівых адносін да ўдзельнікаў працэсу з боку судзьдзі суду Кастрычніцкага раёну г. Віцебску Грабоўскай І. В. ня выяўлена, падстаў для прыцягненьня яе да дысцыплінарнай адказнасьці ня ўгледжваю», – гэтак першы намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму Ігар Каржоў адказаў на заяву, якую накіроўваў у згаданае ведамства кіраўнік віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў.
Сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў накіраваў у адміністрацыю Кастрычніцкага раёну Віцебску заяўку на правядзеньне пікету 26 красавіка. Пікет прымеркаваны да 27-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Нагадаем, гэта не адзінае мерапрыемства, заплянаванае на 26 красавіка апазыцыйнымі палітыкамі ў Віцебску: раней заяўку на правядзеньне мітынгу падаваў абласны старшыня партыі БНФ Леанід Аўтухоў.