Цягам менш як месяца раённыя адміністрацыі Віцебску забаранілі 5 пікетаў, заяўкі на якія падавалі сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў і Ян Талпыга (на фота). Усе акцыі забароненыя з аднолькавай прычыны: арганізатары ня выканалі рашэньне Віцебскага гарвыканкаму № 811 “Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску”, бо не далучылі да сваіх заявак дамоваў з ЖКГ, міліцыяй і паліклінікай.
За невыкананьне парадку інфармаваньня грамадзян аб пераносе часу пэрсанальнага прыёму, старшыня суду Першамайскага раёну Віцебску Андрэй Андрушэнка прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасьці. Скарга пра нядбайнае выкананьне Закону Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» кіраўніком раённага суду, паступіла ў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава.
Адчынены адмысловы банкаўскі рахунак «на аднаўленне Манумэнту славы» ў вёсцы Клясьціцы Расонскага раёну. Праўда, мясцовыя ўлады не спадзяюцца сабраць неабходную суму за кошт дабрачынных ахвяраваньняў на банкаўскі рахунак. Яны разьлічваюць на грашовую дапамогу Расеі і Саюзнай дзяржавы.
Кастрычніцкі райсуд Віцебску адмовіў двум актывістам, якія хацелі ў судовым парадку змусіць цэнтральную гарадзкую паліклініку падпісаць дамову на мэдычнае абслугоўваньне ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі. Але суд не пагадзіўся прызнаць, што забарона вынесеная з парушэньнямі — як адпаведнага рашэньня выканкаму, так і беларускага заканадаўства.
3 лістапада сябры КХП-БНФ наведалі вёску Пагосьцішча, што ў Лёзьненскім раёне. Яны паднавілі надпіс на помніку, усталяваным тут у гонар Ігната Будзіловіча і безыменных касінераў паўстаньня 1863 году пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, і зрабілі прыборку прылеглай тэрыторыі. Пасьля адбыўся мітынг, падчас якога прагучалі словы ў падтрымку незалежнасьці Беларусі. Напрыканцы ўдзельнікі імпрэзы ўшанавалі памяць Ігната Будзіловіча і яго паплечнікаў, што загінулі за гэтую незалежнасьць 150 гадоў таму, хвілінай маўчаньня.
«У мяне ўсё па-старому. Зэк сядзіць – тэрмін ідзе. Неўпрыкмет я падбіраюся да піку і празь месяц пакачуся ўжо з горкі. Спадзяюся, што мая чалавечая адсутнасьць кампэнсуецца вашай актыўнасьцю. Трымайцеся і не апускайце рукі. Да сустрэчы», – гэтак напісаў кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, які адбывае пакараньне ў бабруйскай папраўчай калёніі №2, віцебскаму праваабаронцу Леаніду Сьвеціку.
Полацкі райвыканкам 29 кастрычніка правёў грамадзкія слуханьні па пытаньні зьнішчэньня дрэваў для будаўніцтва храма. Царква РПЦ будзе пабудаваная на тэрыторыі чыгуначнага шпіталя на ўскраіне Полацку. Для гэтага будзе сьпілавана 17 бяроз і прыгожая лістоўніца. Голас грамадзян, якія прапаноўвалі захаваць дрэвы, застаўся не пачуты.
Увечары 1 лістапада машына Пятра Іванова была спыненая супрацоўнікамі ДАІ. Спачатку яму заявілі, што ён парушыў правілы дарожнага руху, праехаўшы на чырвонае сьвятло, і мусіць заплаціць штраф у памеры 1 базавай велічыні («Або можам праехаць у абласное ДАІ, але тады штраф будзе 5 базавых», – паведамілі затрыманаму). Пасьля «прабіцьця па базе» тлумачэньне прычыны затрыманьня з боку даішнікаў зьмянілася: Пятру Іванову сказалі, што ён нібыта знаходзіцца ў вышуку і таму мусіць праехаць у міліцэйскі пастарунак.
Ля трасы, што вядзе зь Віцебску да райцэнтру Гарадок, ідзе масавая высечка елак. Віцебскі актывіст КХП-БНФ абураны гэтым фактам. «Прашу адказаць мне, на якой падставе праводзіцца высечка елак лесаахоўнай паласы ўздоўж дарогі Віцебск-Гарадок, пачынаючы з Баталей і амаль да Гарадка», – напісаў Ян Дзяржаўцаў у абласны камітэт рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Актывіст таксама просіць высьветліць, хто канкрэтна аддаў такі «бязглузды загад».
На сайце «Хроніка Туркмэністану» зьявілася нататка «Туркмэнскія студэнты просяць ратунку», дзе паведамляецца, што на студэнтаў з Туркмэністану, што навучаюцца ў Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце імя П. М. Машэрава, на працягу апошніх двух тыдняў палююць мясцовыя скінхэды. Далей у тэксьце гаворыцца наступнае: «Групы маладых хлопцаў зьбіваюць як хлопцаў, гэтак і дзяўчат - туркмэнскіх студэнтаў. З-за таго, што апошнія цяпер не могуць выйсьці на вуліцу, ужо на працягу шасьці дзён навучальны працэс ва ўнівэрсытэце спынены».