Начальнікі заводзкіх падразьдзяленьняў падманам прымушаюць рабочых са Свабоднага прафсаюзу падпісваць заявы пра перадачу паўнамоцтваў афіцыйнаму прафсаюзу. У сувязі з пачаткам калектыўных перамоваў паміж працоўнымі і працадаўцам на полацкім заводзе “Шкловалакно” начальнікі раздаюць рабочым, якія не ўваходзяць у прадзяржаўны “Белхімпрафсаюз”, падрыхтаваныя блянкі заяў і прымушаюць іх падпісваць. У тэксьце заявы сказана: “Прашу маім ўпаўнаважаным прадстаўніком лічыць першасную прафсаюзную арганізацыю “Белхімпрафсаюз”, сябрам якой я не зьяўляюся…”
Віцебскі лекар вырашыў прыцягнуць увагу землякоў да праблемы гвалтоўных дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі, бо выпадкі гвалту і неапраўданай жорсткасьці з боку міліцыянтаў у Беларусі пачасьціліся. І Віцебск – не выключэньне: Ігар Пастноў згадвае некалькі гэткіх выпадкаў. Заяўка пададзеная ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну. Дата пікету, на які Ігар Пастноў просіць дазвол, - 20 студзеня.
Лядовы палац у Воршы сёлета нарэшце дабудавалі — з парушэньнямі ўсіх абяцаных тэрмінаў, праз 5 гадоў пасьля пачатку. Але высьвятляецца, што цяпер няма грошай, каб давесьці да ладу інтэр’еры. Аршанскія прадпрымальнікі паведамілі, што іх запрашалі ў райвыканкам і прасілі матэрыяльнай дапамогі «на патрэбы гораду», а перадусім — на добраўпарадкаваньне «Лядовай арэны».
Незвычайную для Воршы акцыю зладзілі некалькі невядомых маладых людзей у цэнтры гораду. Трое хлопцаў стаялі на скрыжаваньні каля плошчы Цэнтральнай і ў той момант, калі аўтамабілі спыняліся на чырвонае сьвятло, раздавалі аўтамабілістам расейскія сьцягі.
Будаўнікам Віцебскай вобласьці не ўдалося вытрымаць скарэктаваны графік уводу даўгабудаў ў эксплёатацыю. Як паведамілі ў Камітэце дзяржкантролю Віцебскай вобласьці, 34 жылыя дамы, будаўніцтва якіх моцна зацягнулася, павінны былі прыняць навасёлаў да канца году. Аднак упісацца ў гэты графік не ўдалося.
Судзьдзя суду Чыгуначнага раёну Віцебска Алена Цыганкова спыніла адміністрацыйную справу ў дачыненьні да Аляксандра Кірылава. Яна ня ўгледзела складу правапарушэньня ў дзеяньнях віцебскага палітычнага актывіста, прадугледжанага арт. 9.2 (Паклёп) Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
Сяргей Рыжоў паведаміў, што мусіў зьвярнуцца да мэдыкаў, бо стан ягонага здароўя пасьля знаходжаньня ў мэдвыцьвярэзьніку 16 лістапада пагоршыўся. Высьветлілася, што ў палітыка зламаныя пальцы на правай руцэ.
На сустрэчы актывістаў з кіраўніцтвам Полацку намесьнік старшыні райвыканкаму Аляксандар Міхалевіч цьвёрда паабяцаў, што дрэвы прывакзальнага сквэру будуць захаваныя пры любых абставінах. Будаўніцтва, якое вядзецца ля вакзалу, дрэвы не закране. Прыём полацкіх грамадзкіх актывістаў, якія абараняюць зялёныя насаджэньні, прадстаўнікамі гарадзкіх уладаў адбыўся 11 сьнежня.
Рабочым вагоннага ўчастку БЧ у Віцебску раяць рабіць заначкі на чорны дзень. «Я працую на Віцебскім вагонным участку ўжо пяць гадоў. За гэты час шмат што здаралася, але затрымкі па выплатах заработнай платы і авансу не было. На пачатку 2013 году нам пачалі штомесяц затрымліваць выплаты авансаў на пару дзён, а бліжэй да канца году пачалі затрымліваць і саму заработную плату, прычым сыстэматычна тлумачачы затрымкі тым, што набралі шмат крэдытаў і купілі новыя вагоны», - паведаміў супрацоўнік прадпрыемства.
Віцебскі лекар Ігар Пастноў баіцца, што яго могуць паўторна накіраваць на прымусовае лячэньне. Пра гэта ён заявіў у відэазвароце, разьмешчаным на youtube.com: «Паводле інфармацыі добразычліўцаў мне стала вядома, што спроба можа паўтарыцца. Ідзе канец году, падводзяцца вынікі дзейнасьці нашага губэрнатара і гаспадаркі вобласьці. І з прэвэнтыўнымі мэтамі, ёсьць такая інфармацыя, будзе паўтораная спроба майго зьмяшчэньня ў псыхлякарню. Магчыма, вы апошні раз бачыце мяне пры памяці і здаровым. Вось чаму, пераадолеўшы страх, я вырашыў зьвярнуцца яшчэ раз».