Пасьля таго, як помнік Аляксандру Неўскаму ў Віцебску ўсё ж усталявалі, наш карэспандэнт пагутарыў з чалавекам, які напярэдадні яго адкрыцьця выступіў супраць разьмяшчэньня яго ў гістарычным цэнтры на плошчы Тысячагодзьдзя.
Андрусь, скажыце, што рухала Вамі, калі Вы пачалі збор подпісаў за перагляд месца ўсталяваньня помніку Аляксандру Неўскаму ў Віцебску? Бо ж на той момант гарадзкая адміністрацыя ўжо прыняла канчатковае рашэньне?
Мной рухала гістарычная лёгіка, лёгіка падзеяў, здаровы сэнс. У кожнай справе мусіць быць здаровы сэнс. Навошта ўсталёўваць помнік, калі ён не нясе зразумелай для большасьці сэнсавай нагрузкі? Трэба ўсьведамляць, што помнік асобе такога маштабу ў суседняй краіне – гэта ня толькі факт мастацтва ці эстэтыкі.
Я разумею, што напісаў запозна, таму з сэнсам тут справа складаная. Калі я зьбіраў подпісы, многія мае знаёмыя казалі: «Навошта ты гэта робіш? Усё адно паставяць». Але ёсьць вельмі важны нюанс: пададзеныя подпісы – гэта афіцыйна зафіксаваны паказьнік таго, што ў Віцебску ёсьць людзі, якія думаюць інакш і адкрыта выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю. У нашых умовах нават для гэтага трэба мець пэўную мужнасьць, многія проста баяцца падпісвацца. Досьвед Украіны выразна прадэманстраваў: народ здольны ўплываць на падзеі. Асабіста мяне да глыбіні душы ўразіла сапраўдная «рэвалюцыя годнасьці», якая там адбылася.
Праз сацыяльныя сеткі паспрабаваў зацікавіць людзей сваёй ідэяй, і многія адгукнуліся. Не чакаў, што ў Віцебску сярод звычайных гараджанаў столькі абазнаных і цікавых людзей. Збор подпісаў доўжыўся ўсяго на працягу аднаго тыдня. Дзякуй журналістам, якія паспрыялі актывізацыі гэтага працэсу, далі ў сваіх СМІ матэрыял пра збор подпісаў і падтрымалі маю ідэю.
Калі б зь сёньняшняга свайго досьведу, то крыху перарабіў бы зварот. Трэ было дадаць пункт пра неабходнасьць правядзеньня круглага стала, бо, калі ўжо і ўсталёўваць помнік, то ніяк не на плошчы Тысячагоддзя. Нельга чужынскага князя разьмяшчаць у гістарычным цэнтры. Тут мусяць быць сымбалі, звязаныя з рэальнай гісторыяй гораду, а не выпадковая для яго постаць.
Так, пагаджуся з Вашымі лягічнымі развагамі, але ж ёсьць нейкая свая лёгіка і ў тых, хто прыклаў намаганьні для ўзьвядзеньня манумэнту. Што кіруе гэтымі людзьмі?
Што кіруе гэтымі людзьмі? Прыгадваючы мае дыскусіі з апалягетамі золатаардынскага намесьніка на расейскіх землях, магу сказаць, што імі кіруе ідэалёгія гэтак званага «рускага сьвету», кіруе ідэя культурна-ідэалягічнай экспансіі, яны сур'ёзна лічаць, што Віцебск – гэта частка «рускага сьвету». Кімсьці, відаць, кіруе прагматызм. Я ня ведаю, чым кіраваліся скульптары, але ж і людзі мастацтва таксама могуць быць носьбітамі ідэі «рускага сьвету».
Ва ўсталяваньні гэтага помніку ёсьць факт нацыянальнага самапрыніжэньня. Мабыць, ёсьць ціск на віцебскае чынавенства і з боку расейскай амбасады, і з боку расейскай праваслаўнай царквы, і з боку носьбітаў «рускага сьвету». І ўсё з-за таго, што адсутнічае нацыянальная годнасьць, ёсьць страх «людзьмі звацца». Гэты манумэнт, як напамін прыніжэньня, яшчэ глыбей замацуе комплекс нацыянальнай непаўнавартасьці. Мне непрыемна нават будзе вадзіць туды сваіх малых дзяцей.
Кажуць, нібыта помнікі Альгерду і Неўскаму – гэта палітычны кампраміс паміж прыхільнікамі «западна-русізму» і нацыянальна арыентаванай часткай беларускага грамадзтва. Але ж што да датычнасьці гэтых асобаў да Віцебскай гісторыі – яна непараўнальная. Калі ўжо трэба было б выбіраць, то з майго гледзішча на пляцу Тысячагодзьдзя мусіў стаяць Альгерд.
А чаму тады Вы прапанавалі ўсталяваць там помнік аўтарам «Віцебскага летапісу»? Гэта Ваша ідэя?
Гэта мая ідэя. Я яе нідзе ня скраў і не падгледзеў. Гэта кампраміснае рашэньне. Разважаючы пра тое, каму мусіў бы стаяць помнік на гэтай плошчы, я згадаў асобы Стэфана і Гаўрылы Аверкаў, Міхала Панцырнага ды Яна Чарноўскага толькі з тае нагоды, што ў сваім летапісу яны апісалі хай не тысячагадовую гісторыю гораду, але блізкую да таго. Некаторыя людзі са мной наконт гэтага не пагаджаюцца, дык гэта можна абмяркоўваць. Я ж не навязваю сваю думку. Найперш трэба зразумець: Неўскаму на плошчы Тысячагодзьдзя – ня месца.
Шкадую, што прасоўваць і адстойваць сваё перакананьне не пачаў раней. Пераконваць і ўладу, і людзей трэба было пачынаць хаця б год таму. Хаця, шчыра кажучы, я да апошняга думаў, што не ўсталююць.
Выходзіць, грамадзтва нашае настолькі аморфнае, калі ідэя пратэсту супраць гістарычнага валюнтарызму ўладаў паўстала з ініцыятывы ўсяго аднаго чалавека? Аднак дзякуючы ёй некалькі дзясяткаў месьцічаў займелі магчымасьць голасна выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю.
Так, вось гэтыя 58 асобаў, што падпісалі зварот, яны катэгарычна супраць помніку Неўскаму. Рашэньні прымаюцца на самым версе каманднымі мэтадамі без увагі да грамадзкай думкі. Мне здаецца, што абыякавасьць да жыцьця выхаваная тутэйшай дзяржавай. У дзевяностыя гады народ быў іншым, і стаўленьне да жыцьця было іншым. Тады людзі задумваліся ня толькі пра хлеб, а і пра глыбокія і важныя рэчы, хаця жыць тады было куды цяжэй, чымся цяпер. За дваццаць гадоў дзяржава здолела адбіць веру ў тое, што звычайны чалавек наогул можа на нешта ўплываць.
У нармальнай краіне ўсталяваньне помніку трэба было б вырашаць праз абмеркаваньне – ёсьць радыё, ёсьць тэлебачаньне, але ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі гэтая тэма не ўздымалася. Што ў гэтай тэме такога, што яе нельга абмяркоўваць? Хаця, улічваючы нашыя рэаліі, усё магло быць значна прасьцей: які-небудзь расейскі алігарх мог вольна патэлефанаваць ў гарадзкую адміністрацыю і вырашыць усе пытаньні наўпрост па тэлефоне. Маўляў, праваслаўная грамада зацікаўленая ва ўсталяваньні помніку, грошы знойдуцца, справа толькі за вамі.
С. Горкі