Сустрэча грамадзян, што адбылася 4 красавіка, на якой абмяркоўваліся апошнія зьмены ў працоўным заканадаўстве, была арганізаваная Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада) – БСДП(Г). Экспэрты ў галіне працоўнага права, прафсаюзнага руху і псыхалёгіі азнаёмілі прысутных са спэцыфікай сёньняшніх працоўных адносін у Беларусі.
У ліку іншага абмяркоўваліся юрыдычныя адметнасьці і наступствы ўвядзеньня дэкрэту №5 «Аб узмацненьні патрабаваньняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацыяў». Сярод новаўвядзеньняў дэкрэту №5 адзначаліся наступныя: 1) пазбаўленьне прэміяльных даплат стымулюючага характару на некалькі месяцаў; 2) зьмяненьне ўмоваў працы на працягу сямі дзён; 3) дысцыплінарнае спагнаньне на запатрабаваньне мясцовых уладаў.
Паводле расказаў людзей, усё згаданае дэ-факта практыкаваліся і раней, але цяпер такая практыка ў адносінах паміж работнікамі і кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацыяў узаконеная. Дэкрэт збольшага абагульніў усе наяўныя ў розных законах падставы да звальненьня работнікаў і надаў ім статус дыскрэдытуючых прычын звальненьня. Такія звальненьні цяпер могуць ускладніць наступнае ўладкаваньне на працу, прычым больш складанасьцяў узьнікне ў кіруючых работнікаў.
Экспэрт у галіне прафсаюзнай абароны працоўных Ніна Турчына, намесьніца старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) працоўных ААТ «Нафтан», распавяла аб практычным досьведзе прафсаюзу ў абароне інтарэсаў працоўных. Паводле яе слоў, дэмакратычныя прафсаюзы ў Беларусі малалікія з-за ціску на працоўных начальнікамі, якія перашкаджаюць ўступленьні рабочых у гэтыя прафсаюзы. А старыя савецкія прафсаюзы фэдэрацыі, у якія заганяюць рабочых, адкрыта становяцца на бок дырэктараў. Але і ў такіх умовах дэмакратычныя прафсаюзы здольныя адстаяць інтарэсы сваіх сяброў. Да дэмакратычнага прафсаюзу БНП могуць належаць толькі рабочыя, і недапушчальны ўдзел начальнікаў, каб не было канфлікту інтарэсаў.
Частку сустрэчы правёў псыхоляг, які даў практычныя навыкі псыхалягічнай абароны ад стрэсавых сытуацыяў у працоўных узаемаадносінах работніка з начальнікамі. Псыхалягічныя стрэсы на працы істотна ўскладняюць жыцьцё, і з гэтым трэба ўмець змагацца. Практыкаваньні, праведзеныя з удзельнікамі сустрэчы, у далейшым дапамогуць апошнім у іх штодзённым жыцьці і пры зносінах з начальствам.
На сэмінары раздаваліся друкаваныя матэрыялы па дэкрэце №5, выдадзеныя БСДП(Г), прафсаюзны бюлетэнь Свабоднага прафсаюзу рабочых полацкага заводу «Шкловалакно» і іншыя друкаваныя матэрыялы.